Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 чэрвеня 2019, 09:45

У Беларусі будуць прыняты меры для ўстаранення чэргаў у паліклініках

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў, якія меры будуць прыняты для ўстаранення чэргаў у паліклініках і павышэння даступнасці кансультацыйнай дапамогі, паведамляе БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне аб мерах па ўстараненні чэргаў у першасным звяне, ён адзначыў, што цяпер абмяркоўваецца пытанне, якім чынам выбудаваць лагістыку руху пацыентаў. "Напрыклад, тых, хто з хранічнай паталогіяй пастаянна ходзіць за рэцэптамі, кантрольнымі аналізамі, накіроўваць да ўрачоў агульнай практыкі, стварыць спецыяльныя структурныя падраздзяленні, дзе ўрачы будуць максімальна ведаць сваіх пацыентаў і іх патрэбнасці, максімальна вызваліць участковых урачоў-тэрапеўтаў, каб яны маглі займацца сваімі ўчасткамі і назіраннем за пацыентамі", - сказаў міністр.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, абмяркоўваецца таксама і пытанне кансультацыйнай дапамогі, паколькі паступае шмат паведамленняў аб тым, што немагчыма трапіць на кансультацыю да оталарынголага, неўролага. "У Мінску рэканструююцца прыёмныя пакоі шматпрофільных бальніц, каб яны аказвалі кансультацыйную дапамогу. Там ёсць дасведчаныя спецыялісты, у іх за спіной моц шматпрофільнай клінікі, і яны могуць аказаць кансультацыю больш высокага ўзроўню і дапамагчы першаснаму звяну", - дадаў кіраўнік ведамства.

"Практычна 14 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў атрымалі ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць. Гэта тыя цэнтры, якія працуюць з самымі сучаснымі тэхналогіямі і даюць магчымасць людзям прыехаць і прайсці навучанне на працоўным месцы. Адна з інавацый, якая цяпер абмяркоўваецца для ўнясення змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, - навучанне на працоўным месцы на базе РНПЦ будзе пакрывацца за кошт бюджэту", - расказаў міністр.

Закранута таксама і тэма цэн на лекавыя сродкі. Уладзімір Каранік паведаміў, што цяпер разглядаецца магчымасць стварыць анлайн-сэрвіс, куды людзі змогуць уносіць даныя аб прэпаратах, якія яны купілі за мяжой значна танней, чым у Беларусі. Інфармацыя будзе прааналізавана, адпаведна, праведзена работа з пастаўшчыкамі для прадастаўлення ўсіх дакументаў, якiя абгрунтоўваюць цану. "Таму што нельга на такія жыццёва важныя пазіцыі, як лякарствы, браць цану з галавы", - падкрэсліў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

У галіне прадоўжыцца работа па імпартазамяшчэнні. Будзе прааналізаваны рынак: адзначаны прэпараты, якія найбольш запатрабаваны, і тыя, якія спатрэбяцца ў бліжэйшыя гады, каб да гэтага часу паспець разгарнуць вытворчасць і насыціць рынак неабходнымі лякарствамі. "Можна гэту тэму замоўчваць, але ёсць пэўны працэнт недаверу насельніцтва да некаторай прадукцыі айчыннай фармгаліны. Таму тут, я думаю, мы больш актыўна будзем удзельнічаць у пострэгістрацыйным кантролі якасці, менавіта ў ацэнцы бяспекі, і публікаваць гэтыя даныя ў адкрытым доступе", - рэзюмаваў Уладзімір Каранік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі