Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лістапада 2019, 19:30

У абноўленым беларускім парламенце зоймуцца паляпшэннем умоў для маладзёжных стартапаў

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна паляпшаць умовы для маладзёжных стартапов, развіваць дыстанцыйную форму атрымання вышэйшай адукацыі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Сяргей Дзік, выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.

Сяргей Дзік прызнаўся, што яму блізкія тэмы ўкаранення мадэлі "Універсітэт 3.0", падтрымкі стартап-руху. Ён лічыць, што ў Беларусі неабходна паляпшаць умовы для рэалізацыі студэнцкіх бізнес-ідэй. Для гэтага можна задзейнічаць механізмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, выкарыстоўваць замежны вопыт. Субяседнік удакладніў, што размова ідзе ў першую чаргу аб фінансавым баку пытання. "Каб давесці праект да камерцыйнай распрацоўкі, патрэбны фінансы, падтрымка. У студэнтаў згасае ініцыятыва, калі гэтага няма", - канстатаваў ён.

Парламенту трэба будзе працаваць над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Субяседнік адзначыў, што плануе садзейнічаць развіццю акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі. Падагульняючую атэстацыю, на яго думку, варта было б праводзіць не толькі вочна. Частку прадметаў слухачы маглі б здаваць дыстанцыйна. Такую сістэму Сяргей Дзік вывучаў на стажыроўцы ў адной з амерыканскіх ВНУ і знайшоў яе эфектыўнай.

Сяргей Дзік падкрэсліў, што сярод прыярытэтаў у яго таксама вырашэнне пытанняў, узнятых у час сустрэч з выбаршчыкамі. Часцей за ўсё людзі гаварылі пра неабходнасць развіваць сацыяльную інфраструктуру, у тым ліку спартыўную.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі