3 ліпеня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Тысячы беларусаў сабраліся ў мемарыяльным комплексе "Курган Славы", каб у адзін голас выканаць Дзяржаўны гімн Беларусі ў час рэспубліканскай акцыі "Спяём гімн разам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Відовішчная вячэрняя праграма мерапрыемстваў на мемарыяле пачалася з выступлення Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, які выканаў знакавыя патрыятычныя кампазіцыі і легендарныя мелодыі мінулых гадоў сумесна з салісткай Прэзідэнцкага аркестра Алёнай Процка, народным артыстам Беларусі Станіславам Трыфанавым і артыстам Яўгенам Курчычам.
Пасля выступлення наведвальнікам комплексу прадставілі відэаінсталяцыю "Голас Кургана", прысвечаную гісторыі стварэння самога мемарыяла. Акрамя гэтага, гледачы змаглі ўбачыць унікальныя кадры ваеннай хронікі.
Святочная атмасфера на "Кургане Славы" аб'яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў. Многія прыязджалі цэлымі сем'ямі, каб перадаць дзецям памяць аб подзвігу продкаў. Жыхарка Лагойска Кацярына Глымбоцкая прыехала на мемарыяльны комплекс разам з мужам і дачкамі шасці і дзевяці гадоў.
"У нас сёння вялікае свята, мы даўно планавалі прыехаць 3 ліпеня менавіта на "Курган Славы", паказаць дзецям гэта маштабнае мерапрыемства. Нам тут вельмі падабаецца, усё арганізавана цудоўна", - падзялілася эмоцыямі Кацярына.
Яна падкрэсліла, што Дзень Незалежнасці мае асаблівае значэнне для іх сям'і: "Нашы дзядулі і прадзядулі служылі. Адзін з дзядуль дайшоў да Берліна. Мы заўсёды з хваляваннем ставімся да дат 3 ліпеня і 9 мая. Абавязкова прывіваем гэту патрыятыную нотку дзецям, расказваем ім аб вайне, паказваем медалі і фатаграфіі. Кожны год стараемся наведваць мемарыялы, напрыклад "Хатынь". Гэта наша сямейная традыцыя".
Гаворачы аб акцыі "Спяём гімн разам", Кацярына Глымбоцкая адзначыла, што галоўная песня краіны выклікае ў яе асаблівыя пачуцці. "Калі мы спяваем гімн, адчуваем гордасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Мы спакойны за нашых дзяцей і нашу будучыню. Гэта вельмі сімвалічна. Мы вучым дзяцей, што наша Беларусь - гэта Белая Русь, дзе заўсёды надзейна і спакойна", - дадала яна.
Падзяліць радасць свята на мемарыял прыехалі і жыхары Смалявіцкага раёна. Работнік Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі Іван Міраненка прыйшоў на "Курган Славы" з сям'ёй і дзецьмі 12 і 6 гадоў. "Прыехалі ўсёй сям'ёй, каб падарыць дзецям свята і яшчэ раз нагадаць ім гісторыю нашай краіны, паказаць, у якім напрамку трэба рухацца і што цаніць. Мы часта бываем на "Кургане Славы", прыязджаем сюды і на 9 Мая, і проста на прагулкі. Сёння надвор'е надзвычай добрае, людзей вельмі шмат, атмасфера цудоўная", - расказаў Іван Міраненка.
Ён прызнаўся, што выкананне Дзяржаўнага гімна заўсёды выклікае ў яго моцны эмацыянальны водгук. "Калі гучаць першыя ноты гімна, мяне перапаўняе гордасць. Гордасць за нашу Рэспубліку Беларусь. Бачачы нашы дзяржаўныя сімвалы, сцяг, адчуваеш вялікую падтрымку. Мы памалу прывіваем гэту любоў да Радзімы і сваім дзяцям", - падкрэсліў работнік прадпрыемства.
Яшчэ адзін госць свята Сяргей Аўраміч прыехаў да мемарыяла разам з жонкай, старэйшым сынам і маленькай дачкой. Галава сям'і мэтанакіравана вёў родных на вячэрнюю праграму. Для яго як для бацькі прынцыпова важна, каб дзеці з самага ранняга ўзросту знаходзіліся ў цэнтры такіх знакавых гістарычных падзей і адчувалі адзінства народа.
"Гэта абавязкова трэба рабіць. Неабходна з дзяцінства прывіваць дзецям разуменне нашай гісторыі, расказваць ім аб тым, што адбывалася ў ваенныя гады, праз якія выпрабаванні прайшла краіна, каб яны ведалі і цанілі гэта. Старэйшы сын падрастае ўжо і пачынае ўсведамляць маштаб свята", - перакананы Сяргей Аўраміч.
Гаворачы аб стаўленні да дзяржаўнага гімна, Сяргей прызнаўся, што для яго гэтыя радкі маюць асаблівае значэнне. "Я выконваў гімн Рэспублікі Беларусь яшчэ ў час службы ў арміі, таму для мяне гэта глыбока знаёмыя, родныя акорды, да якіх я стаўлюся з нязменнай павагай і гордасцю", - падзяліўся ён.
Сярод удзельнікаў урачыстасці было шмат гасцей з суседніх рэгіёнаў. Сёстры Святлана Астаповіч і Наталля Карміцкая прыехалі з Барысава вялікай і дружнай сям'ёй: разам з мужамі, сынам, нявесткай і ўнучкай. "На "Кургане Славы" вельмі прыгожа, і арганізацыя свята на вышэйшым узроўні. Мы прыехалі мэтанакіравана пагуляць па тэрыторыі, паглядзець канцэрт, відэаінсталяцыю, святочны феерверк і, вядома ж, праспяваць гімн з усёй краінай", - адзначылі сёстры.
Паводле іх слоў, удзел у такіх рэспубліканскіх акцыях мае глыбокі сэнс. "Мы ўжо ў такім узросце, калі разумееш, што дзяржаўныя сімвалы значаць вельмі шмат. Мы пражылі жыццё, выгадавалі дзяцей, цяпер дапамагаем гадаваць унукаў. Прыехалі сюды, каб разам са сваім народам выказаць падтрымку роднай краіне. Мы заўсёды святкуем разам, усёй сям'ёй, гэта нас аб'ядноўвае", - адзначылі яны.
Сёстры дадалі, што Дзень Незалежнасці - вялікае свята для кожнага беларуса. "Вельмі хочацца, каб наша цудоўная Беларусь як мага даўжэй заставалася незалежнай і свабоднай. У нас вельмі прыгожая, добраўпарадкаваная краіна і цудоўны, добры народ. І самае галоўнае для нас сёння - гэта мір", - рэзюмавалі яны.
Кульмінацыяй святочнага дня стала традыцыйная рэспубліканская патрыятычная акцыя "Спяём гімн разам". Тысячы галасоў, зліўшыся ў адзіны магутны хор каля падножжа велічнага мемарыяла, выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. На апошніх акордах неба над Курганам Славы азарылася яркімі залпамі маляўнічага святочнага феерверка, які стаў яркім фіналам урачыстасці.-0-
Фота Раміля Насібуліна
