
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыняцце ўказа аб паўнамоцтвах старшынь гар- і райвыканкамаў будзе яшчэ адным крокам для павышэння эфектыўнасці работы мясцовай улады. Такую думку выказаў журналістам старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Любая сістэма не статычная, яна заўсёды патрабуе змяненняў у сувязі са змяненнямі ў краіне, свеце. Ёсць шэраг момантаў, якія, безумоўна, дапамогуць палепшыць работу старшынь райвыканкамаў. Прыняцце гэтага дакумента будзе яшчэ адным крокам для павышэння эфектыўнасці іх работы", - адзначыў Аляксандр Турчын.

У той жа час ён звярнуў увагу, што вельмі шмат залежыць і ад асобы кіраўніка. Нездарма ж кажуць, што кадры вырашаюць усё. Старшыня Мінскага аблвыканкама лічыць, што кіраўнікі на месцах не павінны забываць аб тым, што больш паўнамоцтваў - значыць, і больш абавязкаў, адказнасці. "Трэба разумець, што любое тваё рашэнне вядзе да нейкіх наступстваў", - падкрэсліў ён.
Як заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, узмацніць паўнамоцтвы ўлады на месцах вырашана прэзідэнцкім указам Беларусі. Дакумент можа быць падпісаны ўжо да 1 сакавіка.-0-