Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2020, 18:14

Турчын: галоўная задача ўлады - стварыць умовы для камфортнага пражывання людзей

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўная задача ўлады - стварыць умовы для камфортнага пражывання людзей, заявіў сёння старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Ён прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Для ўлады прыярытэт - сацыяльная, інжынерная і транспартная інфраструктуры гарадоў. Чэрвень за час падрыхтоўкі да абласных "Дажынак" зрабіў крок у гэтым напрамку. Аб'екты сацыяльнай інфраструктуры - гэта музей, у суботу будзем адкрываць дзіцячы сад, адрамантаваны школы. Вядома, транспартная інфраструктура - значныя сродкі былі ўкладзены ў добраўпарадкаванне дарог, вуліц, дваровых тэрыторый, - расказаў Аляксандр Турчын. - Гэты прынцып мы будзем і далей рэалізоўваць. Гэта значыць, перш за ўсё - камфортнае пражыванне людзей у гарадах. Сады, школы, бальніцы, зоны адпачынку - для таго, каб людзі маглі сябе адчуваць камфортна. Гэта самая галоўная задача ўлады".

Будынак Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея быў пабудаваны ў 1900 годзе. У ліпені 2014-га адбылося частковае абрушэнне будаўнічых канструкцый перакрыцця паміж падвалам і першым паверхам, будынак быў прызнаны перадаварыйным. У студзені 2018 года прынята рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту. У выніку праектна-пошукавых работ высветлілася, што арыенціровачны кошт рэканструкцыі ў 2,1 раза большы, чым новае будаўніцтва. Таму было вырашана знесці стары будынак і пабудаваць новы.

Плошча новай забудовы - 605,9 м2. У новым будынку музея прадугледжаны: канферэнц-зала, выставачная зала для арганізацыі пастаянных выставак, тры экспазіцыйныя залы. Адной з цэнтральных будзе экспазіцыя касмічнай накіраванасці, створаны раздзелы экспазіцый, прысвечаныя Хаіму Суціну і Станіславу Манюшку. У музей будзе перамешчана экспазіцыя народнага побыту, якая на гэты момант знаходзіцца ў вёсцы Іванічы. Спектр паслуг будзе значна пашыраны за кошт правядзення аўтарскіх сустрэч, круглых сталоў, лекцый, прэзентацый. Створана безбар'ернае асяроддзе. Прадугледжана выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій: аўдыягіда, інфармацыйных панэлей.

Як адзначыў старшыня Мінаблвыканкама, у рэгіёне даўно не адкрывалі новых музеяў. Таму сённяшняя падзея сапраўды знакавая. "Культура - гэта важны складнік жыцця любога грамадства. І нам трэба больш актыўна ісці ў гэтым напрамку", - дадаў Аляксандр Турчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі