Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 чэрвеня 2021, 14:53

Цырымонія гашэння канверта "Подзвіг пагранічнікаў у пачатку ВАВ" адбылася ў Інстытуце пагранслужбы

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Інстытуце пагранічнай службы адбылася цырымонія гашэння спецыяльным памятным штэмпелем мастацкага маркіраванага канверта "Подзвіг пагранічнікаў у пачатку Вялікай Айчыннай вайны". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-лейтэнант Анатоль Лапо і міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган. Сённяшняя цырымонія - чарговая ў цэлай серыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя подзвігу пагранічнікаў у пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Першымі ў няроўны бой з фашыстамі ўступілі воіны-пагранічнікі. З 19,6 тыс. воінаў у зялёных фуражках, якія паўсталі на шляху фашыстаў на заходніх рубяжах СССР, у першыя дні вайны загінулі больш за 16 тыс. Ніводная з атакаваных застаў не адышла без загаду. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў першых баях Вялікай Айчыннай вайны, 826 пагранічнікаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 11 абаронцаў рубяжоў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, з іх 5 чалавек - пасмяротна.

"Мы хочам, каб усе жыхары нашай краіны памяталі аб той трагедыі, якая здарылася 22 чэрвеня 1941 года, і ведалі аб тым гераізме, які праявілі воіны ў зялёных фуражках у першых баях Вялікай Айчыннай вайны", - адзначыў у сваім выступленні Анатоль Лапо.

Паштовы праект, які складаецца з мастацкага маркіраванага канверта і спецыяльнага памятнага штэмпеля, падрыхтаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі "Белпошта" ў цесным узаемадзеянні з Дзяржаўным пагранічным камітэтам.

На канверце адлюстраваны фрагмент размешчанага ў Гродне мемарыяльнага ансамбля "Загінулым, але непераможаным воінам Беларускай пагранічнай акругі" і контур Холмскай брамы мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". Тыраж спецыяльнай партыі, якая будзе выкарыстоўвацца для перасылкі простых пісем у межах Беларусі, склаў 25 тыс. экзэмпляраў. Ужо сёння канверт будзе даступны ў паштовых аддзяленнях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі