Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 чэрвеня 2020, 09:10

ЦТ па беларускай мове плануюць прайсці 18,6 тыс. абітурыентаў

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове сёння плануюць прайсці 18,6 тыс. абітурыентаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Беларуская мова - першы іспыт у спісе прадметаў ЦТ, якія прапанавана здаць абітурыентам для паступлення ў ВНУ Беларусі. Тэсціраванне пройдзе на базе 41 установы адукацыі. Іспыт стартуе па ўсёй краіне адначасова - у 11.00.

"Абітурыенты павінны мець пры сабе дакумент, які засведчвае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца), пропуск, гелевую або капілярную ручку з чарніламі чорнага колеру. Дзяржкамісія рэкамендуе мець дзве ручкі - на выпадак, калі раптам адна з іх падвядзе. Забаронена праносіць сродкі прыёму, захоўвання і перадачы інфармацыі, гэта значыць мабільны тэлефон і іншыя гаджэты. Абітурыентам нагадаюць перад уваходам у аўдыторыю, каб яны здалі тэлефон. Парушальнікі будуць выдалены", - расказаў Юрый Міксюк.

Рэкамендуюць своечасова прыбываць да пунктаў цэнтралізаванага тэсціравання - не пазней як за паўгадзіны да пачатку іспыту. У пунктах правядзення ЦТ ёсць сродкі для дэзынфекцыі рук, рассаджваць у аўдыторыях будуць з выкананнем патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыравання. У пункце цэнтралізаванага тэсціравання дазваляецца выкарыстоўваць маскі. Пры гэтым на этапе ідэнтыфікацыі асобы маску трэба будзе зняць. Пры наяўнасці прыкмет недамагання рэкамендуецца своечасова звяртацца да медыцынскіх работнікаў. У выпадку дрэннага самаадчування, пацверджанага дакументальна, абітурыент можа прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні.

26 і 27 чэрвеня абітурыентаў чакае іспыт па рускай мове, ЦТ па грамадазнаўстве пройдзе 29 чэрвеня, матэматыцы - 1 і 2 ліпеня, біялогіі - 4 ліпеня. ЦТ па замежнай мове можна будзе здаць 6 ліпеня, хіміі - 8 ліпеня, фізіцы - 10 ліпеня, гісторыі Беларусі - 12 ліпеня, геаграфіі - 14 ліпеня, сусветнай гісторыі (навейшы час) - 16 ліпеня.

Тэрміны перарэгістрацыі абітурыентаў для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні - з 12 па 17 ліпеня. Цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні будзе праводзіцца: 19 і 21 ліпеня - беларуская і руская мовы, 19 і 23 ліпеня - грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя (навейшы час). Пры гэтым абітурыентам, якія ў час рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне атрымалі пропускі да зацвярджэння новага графіка яго правядзення, абменьваць іх не трэба.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі