
14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяжкія ўскладненні пры амікроне ў цяжарных сустракаюцца радзей, паведаміў журналістам галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід Недзень, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Што датычыцца каранавіруснай інфекцыі, амікрон у параўнанні з дэльтай пераносіцца, вядома ж, значна лягчэй, з сімптаматыкай ВРВІ. Пытанняў па ўскладненні цяжарнасці значна менш. Калі параўноўваць з дэльтай, шпіталізацый пацыентаў у час цяжарнасці пры каранавіруснай інфекцыі таксама значна менш", - сказаў Леанід Недзень.
Што датычыцца наведвання родадапаможных устаноў, ён растлумачыў, што на сёння сістэма працуе "па тых нарматыўных дакументах, якія былі звязаны з развіццём каранавіруснай інфекцыі". "Калі статыстыка і паказчыкі каранавіруснай інфекцыі будуць на мінімальных значэннях, будзе вырашацца пытанне наконт перагляду тых дзеючых дакументаў з магчымасцю дазволу наведванняў", - адзначыў галоўны спецыяліст аддзела.-0-