26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяжарнасць на фоне вірусных гепатытаў у пераважнай большасці выпадкаў праходзіць паспяхова, заявіла дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта кандыдат медыцынскіх навук Святлана Лукашык на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы з гепатытам (28 ліпеня), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вірусныя гепатыты на фоне цяжарнасці ў пераважнай большасці выпадкаў праходзяць паспяхова, паколькі гарманальны фон у час цяжарнасці мяняецца такім чынам, што гармоны ахоўваюць і цяжарнасць у самой жанчыны, і ў нейкай ступені дзіця ад інфіцыравання. Таму, як правіла, пераносіцца такая цяжарнасць паспяхова", - сказала Святлана Лукашык.
Яна адзначыла, што гэта праблема непакоіць кожную жанчыну, якая ведае аб наяўнасці нейкага хранічнага віруснага захворвання печані або даведваецца аб гэтым упершыню на фоне цяжарнасці. "Не трэба баяцца гэтых станаў. Вірусны гепатыт В на сёння мае шляхі прафілактыкі, калі таго патрабуе сітуацыя. Гэта прафілактыка можа быць нават медыкаментознай, калі раптам выяўляецца сітуацыя, што вірусны гепатыт В праходзіць агрэсіўна на фоне цяжарнасці. Прафілактыка праводзіцца ў тым ліку і дзіцяці ў самыя першыя мінуты пасля нараджэння. Таму працэнт інфіцыравання дзяцей вірусным гепатытам В вельмі нізкі", - сказала дацэнт кафедры.
Што датычыцца віруснага гепатыту С, ён сам па сабе не вельмі часта перадаецца, заўважыла Святлана Лукашык. Зрэшты, гэта сітуацыя потым таксама кантралюецца на амбулаторным этапе ўчастковымі педыятрамі і інфекцыяністамі па месцы жыхарства, дадала яна.
Дацэнт кафедры заклікала памятаць аб іншых шляхах перадачы парэнтэральных гепатытаў - парэнтэральным і палавым.-0-