
23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цікавасць грамадзян да тэмы раздзельнага збору смецця апошнія гады расце, паведаміў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вадзім Дзямко ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"Цікавасць грамадзян апошнія гады да тэмы адходаў расце, аб чым сведчыць і статыстыка. Так, узровень здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў са складу цвёрдых камунальных адходаў у 2019 годзе адносна 2018-га павялічыўся на 3,8 працэнта і склаў 22,6 працэнта (18,8 працэнта ў 2018 годзе)", - сказаў Вадзім Дзямко.
Паводле яго слоў, да найбольш дзейсных мер матывацыі насельніцтва раздзяляць адходы на віды адносяцца павелічэнне закупачных цэн на другасныя матэрыяльныя рэсурсы і прапаганда экалагічнай свядомасці, у тым ліку праз СМІ.
Прадстаўнік Мінпрыроды закрануў тэму перапрацоўкі небяспечных адходаў. "Існуючыя магутнасці па выкарыстанні або абясшкоджванні адходаў спраўляюцца ў паступаючымі на іх патокамі. Разам з тым прымяненне найлепшых даступных тэхнічных метадаў пры абыходжанні з адходамі - адзін з асноўных прынцыпаў у гэтай галіне. З'яўленне на рынку паслуг новых ігракоў створыць канкурэнцыю і, як вынік, на ім застануцца больш "тэхналагічныя", - расказаў ён.
Як адзначыў Вадзім Дзямко, толькі за 2019 год у Мінску было ўстаноўлена каля 1,5 тыс. кантэйнераў для збору адпрацаваных элементаў сілкавання і ртуцезмяшчальных лямпаў. Аб'ём іх збору склаў 86 т адпрацаваных элементаў сілкавання (76 т у 2018 годзе) і звыш 346 тыс. ртуцезмячальных лямпаў (107 тыс. у 2018 годзе).-0-