9 лістапада, Пінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛТА прадставіла ў Пінску сваю выставу "Суверэнная Беларусь". Гэта экспазіцыя - частка рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстава разгарнулася ў холе лядовай арэны. На 26 мальбертах прадстаўлена больш за сто здымкаў. У фокусе карэспандэнтаў БЕЛТА знаходзяцца ўсе сферы жыцця Беларусі. Кожная фатаграфія - погляд на развіццё краіны за апошнія 30 гадоў, за якія наша рэспубліка стала не толькі суверэннай, але і ўпэўненай у заўтрашнім дні.
Алена Карнеева і яе сяброўка з цікавасцю разгледзелі экспазіцыю. Свой погляд жанчыны затрымалі на стэндзе з кадрамі аб медыцыне. "Гэта вельмі цікава і актуальна. Медыцына не стаіць на месцы, яна развіваецца, шмат увагі ўдзяляецца маладым спецыялістам, магчымасцям для павышэння кваліфікацыі вопытных спецыялістаў. Шмат увагі ўдзяляецца сельскай мясцовасці, аграгарадкам. Будуюцца новыя школы, дзіцячыя сады, розныя спартыўныя секцыі адкрываюць для дзяцей. У мяне самой двое маленькіх дзяцей, яны любяць плаваць і танцаваць", - падзялілася жыхарка Столінскага раёна.
Паводле слоў пінчанкі Алы Марэцкай, выстава "Суверэнная Беларусь" наглядна дэманструе, як змяняецца наша краіна. "Вельмі ганаруся, што жыву ў такой краіне. Яна такая не толькі на гэтых здымках. Я бачу гэта ў звычайным жыцці. Аднаўляюцца гістарычныя помнікі, мы жывём у мірнай краіне, у нас ёсць работа. Дзеці пойдуць гуляць - і з імі нічога не здарыцца. Ёсць, вядома, цяжкасці (але яны ёсць усюды), і мы іх вырашаем дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Ён - той чалавек, які змагаецца за мір, за радасць у кожным доме, горадзе і краіне. Часам здзіўляюся нашаму Прэзідэнту: тут у сям'і не заўсёды разбярэшся, а ў такой вялікай краіне навесці парадак - гэта вельмі вялікая праца", - падкрэсліла пінчанка.
Уважліва агледзеў выставу Васіль Дземянцей. "Усё коратка расказана і прыгожа паказана пра нашу краіну. Калі параўноўваць 1990-я і цяпер - гэта неба і зямля. Беларусь з упэўненасцю ідзе наперад па вызначаным шляху. Беларусы ў асноўным такія: не языком малоцяць, а справу робяць. Лічу, такія выставы дапамагаюць ацаніць, якія змяненні адбыліся ў краіне. Мяне больш за ўсё закрануў стэнд з фотаздымкамі дзяцей. Дачка скончыла медуніверсітэт, праходзіць інтэрнатуру ў раддоме. Яна будзе акушэрам-гінеколагам. Таму мне гэта тэма і самому блізкая. Без дзяцей і краіны не будзе", - рэзюмаваў мужчына.-0-