Сцяг Пятніца, 11 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 мая 2025, 15:58

Ці варта спадзявацца на ўдачу на экзамене? Пархамовіч падзяліўся меркаваннем на адным з пунктаў ЦЭ

26 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч праінспектаваў умовы, створаныя ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога і Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Руслан Пархамовіч азнаёміўся з работай арганізацыйнай камісіі, а таксама паразмаўляў з медработнікамі, удакладніўшы розныя моманты аказання меддапамогі, пацікавіўся арсеналам існуючых сродкаў і прэпаратаў. Яго запэўнілі, што ўсе маршруты дапамогі і падтрымкі прапрацаваны да дробязей. Для зручнасці працаваў гардэроб, прадумана сістэма навігацыі, а ў буфеце да або пасля экзамену кожны жадаючы мог набыць чай ці каву.

"Усе профільныя ведамствы былі задзейнічаны для арганізацыі гэтай кампаніі. Асноўная роля ўсіх дарослых - арганізацыйная, стварыць усе ўмовы, каб дзеці былі сканцэнтраваны і маглі праявіць сябе, паказаць свой узровень ведаў. І ўсё падрыхтавана для гэтага. Цяпер усе курыруюць, назіраюць, забяспечваюць зладжаную работу. Кожны на месцы сваёй адказнасці разумее, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Уся сістэма працуе, пачынаючы ад сродкаў эвакуацыі і да забеспячэння парадку прадстаўнікамі МУС, таму працэс наладжаны. На прыкладзе гэтай установы (ГДТУ. - Заўвага БЕЛТА) можна сказаць, што ўсё праходзіць спакойна, без эксцэсаў. Няхай і ў астатніх навучальных установах усё складзецца добра", - падкрэсліў ён.

Памочнік Прэзідэнта таксама падзяліўся сваімі ўспамінамі экзаменацыйнага перыяду. "Безумоўна, хваляванне прысутнічае. Але заўсёды трэба ўзяць сябе ў рукі. Як і да любога адказнага мерапрыемства ў жыцці, да ЦЭ і ЦТ неабходна падрыхтавацца адпаведным чынам. Пры гэтым варта разумець, што нічога страшнага не здарыцца, калі нават вынік будзе не такім, як планавалася. Усё жыццё яшчэ наперадзе. Аднак не варта забываць і пра адказнасць. Так, ужо на гэтым жыццёвым этапе, у маладосці, важна ўменне браць на сябе адказнасць, станавіцца дарослым, бо гэта толькі першы крок ва ўсвядомленае жыццё", - растлумачыў ён.

Свая пазіцыя ў Руслана Пархамовіча і наконт надзей на ўдачу. "На ўдачу спадзявацца не варта. Няхай лепш пашанцуе ў нечым больш глабальным і сур'ёзным, напрыклад у сямейным жыцці, на прафесійным шляху і іншым. Тут жа ў чым можа заключацца поспех? Усе вучыліся 11 гадоў у школе, настаўнікі дапамагалі і падтрымлівалі, накіроўвалі. Цяпер настаў час праявіць і паказаць сябе, даказаць, што не дарэмна патрачаны час і намаганні як усёй сістэмы адукацыі, так і канкрэтных настаўнікаў. Спадзяюся, што нашым выпускнікам і тым, хто паступае, у першую чаргу спатрэбяцца тыя веды, якія яны атрымалі за час вучобы ў школах", - рэзюмаваў ён.

Як расказаў рэктар ГДТУ імя П.В. Сухога Артур Пуцята, усяго на сёння на ЦЭ было зарэгістравана больш за 1 тыс. чалавек, на ЦТ - звыш 250. У двух карпусах падрыхтавана больш за 40 аўдыторый. "Цэнтралізаваны экзамен здаюць па 12 дысцыплінах. Самы масавы прадмет сёння - матэматыка. Ёсць прадметы, па якіх зарэгістраваны ўсяго адзін ці два выпускнікі, тым не менш і для іх створаны ўсе ўмовы", - запэўніў ён. А ў топе самых папулярных прадметаў у ВНУ таксама біялогія і грамадазнаўства.
Рэктар Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Святлана Лебедзева адзначыла, што ў пункце ЦЭ на базе ВНУ было зарэгістравана больш за 470 чалавек. "14 аўдыторый адведзена для правядзення цэнтралізаванага экзамену і тры - пад тэсціраванне. З боку ўніверсітэта задзейнічаны самыя вопытныя выкладчыкі і супрацоўнікі. Мы зрабілі ўсё, каб стварыць для дзяцей спрыяльную абстаноўку", - сказала яна.

Усяго ў Гомельскай вобласці вызначана 26 пунктаў правядзення ЦЭ. Паводле даных намесніка начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Гомельскай вобласці Алены Рахоўскай, у кожным з іх сёння працуюць члены выязной групы па кантролі. Іх работа прадоўжыцца не толькі ў час выпускной, але і ўступнай кампаніі.-0-
ЦЭ і ЦТ - 2025
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі