Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 жніўня 2020, 13:03

Цёплае надвор'е і ў асноўным без ападкаў чакаецца ў Беларусі ў выхадныя

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цёплае надвор'е і ў асноўным без ападкаў чакаецца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Сёння далёкі цыклон над Сярэдняй Волгай утрымлівае паўночны вецер, а значыць, да нас прадаўжае паступаць халоднае паветра. На большай частцы тэрыторыі Беларусі тэмпература склала 8-13 градусаў вышэй за нуль, месцамі - 5-7. Усталяваны тэмпературны фон на 1-5 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму", - сказалі ў Белгідрамеце.

Не зменіцца сітуацыя і ў бліжэйшыя суткі. "Па-ранейшаму гаспадаром надвор'я застанецца халоднае паветра. Таму 14 жніўня тэмпература паветра ўначы складзе 8-13 градусаў цяпла, месцамі пры праясненнях плюс 5-7. Удзень будзе 18-24 градусы вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе цяплей - 25-27. Пераважна без ападкаў. У начны і ранішні час у нізкіх мясцінах і паблізу вадаёмаў можа згушчацца непрацяглы туман. Вецер прагназуецца пераменных напрамкаў слабы", - адзначылі сіноптыкі.

У суботу, 15 жніўня, пад аховай вобласці павышанага атмасфернага ціску ў многіх раёнах краіны будзе без ападкаў, толькі раніцай і ўдзень па Віцебскай вобласці праявіцца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту, і тут месцамі пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе ад 20 па ўсходзе да 29 градусаў цяпла па захадзе краіны. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы.

У нядзелю, 16 жніўня, паўночны вецер паступова зменіцца на заходні і пачнецца распаўсюджванне цёплага паветра з Заходняй Еўропы. Фон атмасфернага ціску застанецца павышаным, таму будзе пераважаць сухое надвор'е, а значыць, захаваецца вялікі дэфіцыт ападкаў, які назіраецца ў многіх рэгіёнах Беларусі. Уначы і раніцай месцамі можа згушчацца непрацяглы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе плюс 23-29. Вецер чакаецца няўстойлівы слабы.

У пачатку тыдня захаваецца цёплае надвор'е. У панядзелак, 17 жніўня, пераменная воблачнасць. Уначы пераважна без ападкаў, у дзённы час у асобных раёнах краіны магчымы кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы і раніцай прагназуецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 9-16 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе плюс 22-27, па поўдні краіны 28-30 градусаў цяпла.

"У сувязі з доўгім панаваннем сухога надвор'я прадаўжае ўзрастаць пажарная небяспека. Будзьце асцярожныя з агнём", - папярэдзілі ў Белгідрамеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі