16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цёплае надвор'е і дастатак вільгаці садзейнічаюць фарміраванню коласа азімых збожжавых, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Цёплае надвор'е і на большай частцы тэрыторыі краіны дастатак глебавай вільгаці садзейнічаюць фарміраванню коласа азімых збожжавых культур. Паўсюдна на пасевах жыта і трыцікале назіраецца красаванне. Азімая пшаніца закаласілася, у многіх раёнах у яе таксама пачалося красаванне. Шчыльнасць прадукцыйнага сцебластою на большасці ўчасткаў, асабліва азімага жыта і трыцікале, у гэтым годзе ўступае мінулагодняй", - расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле слоў аграметэаролагаў, у бліжэйшы час пераважна без ападкаў надвор'е абумовіць змяншэнне запасаў вільгаці ў глебе, разам з тым яно будзе спрыяльным для красавання азімых.-0-