Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 мая 2019, 13:00

Цёплае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 27 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі ў бліжэйшыя выхадныя, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На календары апошнія дні мая, але ўжо відаць, што, нягледзячы на хвалі холаду і цяпла, у цэлым месяц будзе адпавядаць кліматычнай норме, толькі па Гомельскай і ўсходзе Магілёўскай абласцей на некалькі градусаў цяплей", - адзначылі ў Белгідрамеце. Колькасць ападкаў у большасці рэгіёнаў у маі адпавядала сярэднім шматгадовым значэнням, але ёсць раёны на поўдні краіны, дзе выпалі амаль тры месячныя нормы ападкаў. У рэкардсменах Лунінецкі раён.

Апошні майскі дзень, паводле даных сіноптыкаў, не прынясе шмат ападкаў. Умовы надвор'я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халаднаватай паветранай масе, толькі ў крайніх паўднёва-ўсходніх раёнах краіны захаваецца ўплыў атмасфернага фронту: па паўднёвым усходзе Гомельскай і Магілёўскай абласцей прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 5-11 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе - 12-15. Удзень будзе плюс 18-24 градусы.

"У першы дзень каляндарнага лета надвор'е ўначы ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і ўдзень будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, які ідзе з Балтыкі, - расказалі ў Белгідрамеце. - Таму 1 чэрвеня чакаецца пераменная воблачнасць уначы ў паўночных раёнах, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы". Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-14 градусаў цяпла, удзень - плюс 19-25, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да 27 градусаў.

2 чэрвеня будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту, які ідзе ва ўсходнім напрамку, таму месцамі па рэспубліцы пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень у некаторых раёнах з навальніцамі. Уначы і раніцай у нізкіх месцах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца непрацяглыя туманы. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 9-15 градусаў цяпла, удзень - плюс 20-27 градусаў.

Паводле папярэдняга прагнозу сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня ў Беларусі захаваецца цёплае надвор'е, у многіх рэгіёнах без ападкаў. У панядзелак уначы тэмпература паветра складзе 7-14 градусаў цяпла, удзень - 20-26 вышэй за нуль, па поўдні краіны паветра прагрэецца да 28 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі