Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лістапада 2024, 14:06

Тры рублі ў заклад за лыжку ў сталовай і пошукі падкоўдранікаў у магазінах. Магілёў пачатку 90-х успомнілі на выставе "Беларусь. Узлёт"

23 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Беларусь. Узлёт" у час "Марафону адзінства" ўпершыню прадстаўлена ў Магілёве. Яна размясцілася ў ГЦ "Атрыум", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава ўяўляе сабой 40 тэматычных плакатаў. На кожным з іх - фатаграфіі, якія яскрава паказваюць, як змянілася наша краіна за 30-гадовы перыяд свайго незалежнага існавання. Аўтары здымкаў - фатографы, якія працавалі ў агенцтве ў пачатку 1990-х: Аркадзь Нікалаеў, Уладзімір Шуба і Аляксандр Дзідзевіч. На кожным плакаце ёсць спецыяльны QR-код, адсканіраваўшы які, можна даведацца яшчэ больш інфармацыі, паглядзець больш здымкаў і матэрыялаў, якія пакажуць поўную карціну таго, як жылі беларусы 30 гадоў таму.
Месца для выставы ў Магілёве выбрана невыпадкова. "Знаходжанне гэтай выставы тут - для мяне асаблівыя эмоцыі. Я добра помню будынак, які стаяў на месцы гэтага гандлёвага цэнтра 30 гадоў таму. Гэта быў стары Дом быту, - падзялілася ўспамінамі генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч. - Потым яго закрылі. І вельмі доўгі час у Магілёве стаяў жудасны будынак, вакол якога хадзілі людзі і думалі, калі ж гэта скончыцца".

Цяпер на гэтым месцы - вялікі і сучасны гандлёвы цэнтр. Для цяперашняга пакалення беларусаў такія гандлёвыя цэнтры звычайная рэч. Але ў пачатку 1990-х у Магілёве ды і ва ўсёй краіне ў цэлым сітуацыя была зусім іншая.

"Калі мы прыязджаем з гэтай выставай з горада ў горад (а Магілёў ужо шостая кропка нашага маршруту), мы кожны раз шукаем тыя факты, якія будуць цікавыя жыхарам гэтай мясцовасці. Зразумела, мы пашукалі артыкулы пра Магілёў пачатку 1990-х гадоў: пра тое, што тут было ў простым, бытавым жыцці", - адзначыла Ірына Акуловіч.
Яна зачытала матэрыял адной з магілёўскіх газет пра работу сталовых. "Матэрыял называецца "Дарагая лыжка к абеду" і прысвечаны сталовай нумар 20. Чалавек тут застаўся без абеду. Як так атрымалася? Жанчына прыйшла ў сталовую, здае паліто ў гардэроб, а ёй там гавораць: "З вас тры рублі". І гавораць гэта ў гардэробе, там, дзе людзі здымаюць верхняе адзенне. Не зразумела, за што ты рублі , - расказала гендырэктар БЕЛТА. - Гэтыя грошы - закладная цана за лыжку. На адным з нашых плакатаў якраз зафіксаваны такі факт. Здымак - нашага карэспандэнта, зроблены 30 гадоў таму ў сталовай. Надпіс гаворыць - "Закладная цана за лыжку 10 рублёў". Цяпер  нам ужо вельмі цяжка ўявіць сабе той час". Таксама ў гэтай публікацыі гаварылася, што з раніцы ў сталовай было паўсотні салатніц, а да вечара засталося шэсць - іх проста кралі.

Яшчэ адзін факт з Магілёва таго часу расказвае аб тым, як жанчына спрабавала знайсці падкоўдранік. Год таму яна нарадзіла дзіця і не можа купіць пасцельную бялізну. "Каб набыць падкоўдранік, трэба было ў гарвыканкаме і ў магазіне прадаставіць даведку аб нараджэнні дзіцяці. А дзіця нарадзілася год таму - даведкі няма, пасцельную бялізну без яе купіць нельга, - адзначыла Ірына Акуловіч. - На выставе "Беларусь. Узлёт" мы гаворым пра гісторыю суверэннай краіны, пра тое, як гэта было 30 гадоў таму і як выглядае сёння. Мы ўзялі звычайныя, бытавыя бакі нашага жыцця, зусім простыя: што і як мы елі, ці маглі мы адзецца, заправіць сваю машыну, каб паехаць у выхадныя на дачу, як гэта звычайна ў нас бывае цяпер. Мы паказалі звычайнае жыццё беларусаў, але ў розны час".
Цяпер важна, як падкрэсліла Ірына Акуловіч, разумець, які шлях прайшла наша краіна за 30 гадоў. "Гэта маленькі прамежак часу, каб краіна магла стаць на ногі. На выставе мы можам параўнаць і зразумець, што ў нас ёсць сёння і як важна гэта не страціць, - звярнула ўвагу яна. - Чаму выстава называецца "Беларусь. Узлёт"? Таму што за тры дзясяткі гадоў прайсці такі шлях вельмі складана. Задача нашых гасцей на гэтай экспазіцыі - прайсці, паглядзець, успомніць, падумаць аб тым, што мы маем, што павінны захоўваць. "Беларусь. Узлёт" на "Марафоне адзінства" - важная дэталь, якая злучае ўсю тканіну. Мы сапраўды павінны быць адзінымі для таго, каб гэты ўзлёт прадаўжаўся".

Азнаёміцца ​​з экспазіцыяй у Магілёве можа любы жадаючы.-0-
Фота Надзеі Касцецкай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі