20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вывучаць магчымасць дэкрыміналізацыі часткі крымінальна-прававога складу. Аб гэтым 19 студзеня паведаміла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс у эфіры тэлеканала АНТ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Вольгі Чупрыс, магчымасць дэкрыміналізацыі крымінальна-прававога складу вывучыць Генеральная пракуратура. "Калі паглядзець на Крымінальны кодэкс, то, можа, частка з іх павінна перайсці ў разрад адміністрацыйных правіннасцей. Калі такую магчымасць Генпракуратура прадугледзіць, гэта будзе нядрэнна", - сказала яна.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта не выключыла, што пасля карэкціроўкі КоАП і ПВКоАП, работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, у тым ліку адносна Крымінальнага кодэкса.
Фінальная рэдакцыя праектаў кодэксаў павінна з'явіцца да 1 чэрвеня. Прадугледжваецца, што ў КоАП будзе ўведзена асобная глава, якая будзе датычыцца яго папераджальнай функцыі. Размова ідзе аб ўключэнні мер адміністрацыйна-прававога прымушэння прафілактычнага характару, не звязаных з адміністрацыйнай адказнасцю. Так, плануецца, што за правапарушэнні, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай шкоды, з чалавекам або правядуць прафілактычную гутарку, або аб'явяць яму вусную заўвагу, або вынесуць вуснае папярэджанне. За некаторыя правапарушэнні плануецца прадугледзець адміністрацыйную адказнасць у тым выпадку, калі яны ўчынены паўторна.
Такім чынам, у правапрымяняльнікаў будзе больш свабоды пры прыняцці рашэння, прыцягваць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці або не. Яны змогуць зыходзіць з канкрэтнай сітуацыі, абапіраючыся на характарыстыку асобы, на тое, як чалавек усвядоміў сваё правапарушэнне, растлумачыла Вольга Чупрыс.
Распараджэннем Прэзідэнта Беларусі ад 17 снежня 2019 года нумар 247рп для падрыхтоўкі комплексных прапаноў па карэкціроўцы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях створана міжведамасная экспертная камісія. У яе склад увайшлі работнікі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, міністэрстваў юстыцыі, унутраных спраў, па падатках і зборах, іншых ведамстваў, прадстаўнікі парламента, а таксама навуковай супольнасці. Кіруе камісіяй намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.
Камісія прадаўжае вывучаць меркаванні дзяржаўных органаў і арганізацый, якія ўпаўнаважаны складаць пратаколы і разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях або з'яўляюцца рэгулятарамі адпаведных грамадскіх адносін, а таксама грамадзян і суб'ектаў гаспадарання. Так, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, Палата прадстаўнікоў збіраюць пажаданні і прапановы людзей да 24 студзеня.
Як паведамлялася, 16 снежня 2019 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўнік дзяржавы тады падкрэсліў: галоўным крытэрыем работы павінна быць не колькасць выяўленых парушэнняў і выпісаных штрафаў, а прафілактычнае ўздзеянне і рэальнае скарачэнне адміністрацыйных правіннасцей.-0-