
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль, адказваючы на пытанні журналістаў, растлумачыў прычыны ўзмацнення кантролю на знешняй граніцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён нагадаў, што раней папярэджваў аб намеры прыняць дадатковыя меры па ўзмацненні контрразведвальнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі. "Гэта мера рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай граніцы. Яна накіравана на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія намеры ў адносінах да Беларусі", - сказаў старшыня КДБ.
Паводле яго слоў, КДБ атрымлівае інфармацыю аб наяўнасці рэальных планаў сярод асоб з баявых груп, сфарміраваных на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб учыненні тэрактаў у Беларусі. "Вось гэты бар'ер (узмоцнены кантроль на граніцы. - Заўвага БЕЛТА) - гэта толькі адзін са складнікаў, які дае магчымасць нам ажыццяўляць пэўную фільтрацыю гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю", - сказаў ён.
Адзін з прыкладаў апошняга часу - прадухіленне спробы тэракта да 9 мая, калі ў Беларусь пад выглядам бытавой тэхнікі накіроўваліся выбуховыя рэчывы (фільм АНТ "Забойная пасылка"). "На жаль, гісторыя не закончана. Мы актыўна працуем па ўсіх напрамках. Думаю, што нашы грамадзяне па даручэнні кіраўніка дзяржавы праз пэўны перыяд даведаюцца і аб іншых новых фактах", - адзначыў Іван Тэртэль.-0-