Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 ліпеня 2024, 23:29

Тэртэль аб разрадцы на граніцы з Украінай: меры рэагавання і дэманстрацыя міралюбівай пазіцыі падзейнічалі

Іван Тэртэль. Фота "Ваяр"
Іван Тэртэль. Фота "Ваяр"
13 ліпеня, Лунінецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Меры рэагавання і дэманстрацыя міралюбівай пазіцыі Беларусі ў сувязі з ускладненнем каля двух тыдняў таму абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай граніцы падзейнічалі. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па рашэнні кіраўніка дзяржавы сілавымі структурамі Беларусі - Міністэрствам абароны, Дзяржпагранкамітэтам, Камітэтам дзяржбяспекі - былі прыняты адпаведныя меры рэагавання. Неаднаразова нашы заклапочанасці даводзіліся па розных каналах. Напярэдадні нашага свята (Дня Незалежнасці. - Заўвага БЕЛТА) у перыяд урачыстых мерапрыемстваў кіраўнік дзяржавы ў тым ліку звярнуўся да ўкраінскага боку з пэўнай заклапочанасцю і перасцярогай. Адзначаем, што прынятыя меры адпавядалі абстаноўцы, якая складвалася. У цэлым задача кіраўніка дзяржавы аб недапушчэнні эскалацыі, адэкватным дзеянні і дэманстрацыі нашай міралюбівай пазіцыі - яны падзейнічалі. Мы адзначаем, што ўкраінскі бок паводзіў сябе стрымана. І недзе 3-4 чысла (ліпеня. - Заўвага БЕЛТА) нашай знешняй разведкай зафіксаваны адвод гэтых падраздзяленняў з прыгранічных з Рэспублікай Беларусь раёнаў. Яны адбылі ў месцы пастаяннай дыслакацыі", - расказаў Іван Тэртэль.

Іван Тэртэль расказаў, што яшчэ каля 18 чэрвеня беларускай знешняй разведкай была выкрыта канцэнтрацыя сур'ёзнага кантынгенту ўкраінскіх узброеных сіл у прыгранічных з Беларуссю раёнах. "На некалькіх напрамках мы адзначылі перакідку элітных падраздзяленняў узброеных сіл Нацыянальнай гвардыі, паліцыі з Кіева і некаторых абласных цэнтраў непасрэдна да прыгранічных раёнаў Беларусі. Падраздзяленні, у тым ліку спецназ, займаліся абсталяваннем дадатковых пазіцый, дадатковым мініраваннем мясцовасці. Адзначалі выхады груп спецназа да лініі дзяржаўнай граніцы з Беларуссю. Вялася актыўная паветраная разведка і іншыя мерапрыемствы, - сказаў ён. Быў практычна ўвесь арсенал цяжкага ўзбраення. Ад вядомых амерыканскіх установак М777, HIMARS, "Брэдлі".

Паводле слоў старшыні КДБ, цяпер адпаведныя кантынгенты і ўзбраенні адбылі ў месцы пастаяннай дыслакацыі або адведзены ў глыбіню тэрыторыі Украіны. "У цэлым абстаноўка ў гэтых адносінах разраджана. Разам з тым мы не змяншаем сваю дзейнасць у сферы знешняй разведкі. Мы актыўна працуем, - падкрэсліў Іван Тэртэль. - Кіраўніком дзяржавы на аснове даклада ў тым ліку Камітэта дзяржбяспекі, на аснове работы знешняй разведкі прынята рашэнне аб адводзе нашых сіл ад прыгранічных раёнаў. Пакідаем тут звычайны рэжым работы. Павышаны, вядома, ва ўмовах таго, што адбываецца на нашых паўднёвых граніцах".

"Працуем актыўна па ўсіх напрамках. І разведка, і контрразведка, што датычыцца КДБ. Маніторым сітуацыю ва ўзмоцненым рэжыме. Выканаем задачу кіраўніка дзяржавы. Не дапусцім нейкіх нюансаў, якія стваралі б пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы", - запэўніў Іван Тэртэль.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі