Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 чэрвеня 2019, 13:41

Тэмпературны рэкорд дня пабіты ў Беларусі 26 чэрвеня за ўвесь перыяд метэаназіранняў

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У мінулыя суткі, 26 чэрвеня, у Беларусі быў пабіты тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

"Учора быў вельмі гарачы дзень - максімальная тэмпература паветра па краіне вагалася ад 28 да больш як 34 градусаў. Самая высокая тэмпература была зарэгістравана на метэастанцыі Высокае (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) - 34,4 градуса. Папярэдні рэкорд для гэтага дня быў устаноўлены тут у 2016 годзе і складаў 31,8 градуса", - расказаў Аляксандр Бяганскі. Паводле яго слоў, больш высокай тэмпературы на гэтай метэастанцыі не фіксавалі за ўвесь перыяд назіранняў.

Перакрыты тэмпературны рэкорд і ў Брэсце - учора ў горадзе было 34 градусы. Папярэдні рэкорд дня складаў 33,4 градуса. Гэта было таксама ў 2016 годзе.

Начальнік службы адзначыў, што цяперашні чэрвень у цэлым не паскупіўся на тэмпературныя рэкорды. "У сярэдзіне месяца было даволі шмат дзён, калі тэмпература паветра перавышала 30 градусаў. У асобных абласцях такіх тэмператур не было за пасляваенны перыяд. Напрыклад, у Гомельскай вобласці ў другой дэкадзе было вельмі горача", - адзначыў ён.

Што датычыцца вільготнасці, то тут, хутчэй, можна гаварыць аб антырэкордах. "Пакуль назіраецца жорсткі недабор, асабліва ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Але дажджы, якія прайшлі гэтай ноччу (на 27 чэрвеня), і тыя, якія чакаюцца сёння ўдзень, папоўняць суму ападкаў за месяц", - дадаў Аляксандр Бяганскі. За мінулую ноч на некаторых станцыях Магілёўскай вобласці выпала па 20-30 мм ападкаў - прыкладна трэць месячнай нормы. Разам з тым дажджы прайшлі не паўсюдна.

Як паведамлялася, на сёння ў Беларусі аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і граду. Паводле даных сіноптыкаў, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, навальніцы, месцамі моцныя ліўні. Вецер будзе паўднёва-заходні з пераходам на паўночна-заходні 5-10 м/с з парывамі да 14 м/с. Раніцай і ўдзень у многіх раёнах парывы ўзмоцняцца да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ў дзённы час будзе ад плюс 21 па паўночным захадзе да плюс 29 градусаў па поўдні краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі