Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 кастрычніка 2019, 19:55

Тэмпература паветра ў Беларусі ў верасні была на 0,7 градуса вышэйшая за норму

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў Беларусі за верасень склала плюс 12,8 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 0,7 градуса, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Па тэмпературным рэжыме месяц быў неаднародным. Вельмі цёплай была першая дэкада: сярэдняя тэмпература паветра была на 3,3 градуса вышэйшая за норму, а днём было ў асноўным плюс 20-28 градусаў. У другой дэкадзе тэмпература была на 0,5 градуса вышэйшая за норму, а ў трэцяй - на 1,6 градуса ніжэйшая за норму. Абсалютны максімум тэмпературы паветра за месяц быў адзначаны ў Пінску 2 верасня і склаў плюс 31,1 градуса. У самыя халодныя ночы тэмпература паветра апускалася да адмоўных значэнняў. Абсалютны мінімум (5,7 градуса марозу) за месяц адзначаны ў Брагіне 24 верасня. Пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку ў 14 градусаў цяпла ў бок паніжэння, што азначае пачатак кліматычнай восені, адбыўся 14-17 верасня. Кліматычнае лета ў 2019 годзе ў сярэднім па краіне доўжылася чатыры месяцы (з другой дэкады мая).

За верасень у сярэднім па Беларусі выпала 52,4 мм ападкаў (87 працэнтаў кліматычнай нормы). Ападкі выпадалі нераўнамерна. Так, у Віцебскай вобласці выпала найбольшая колькасць - 64,5 мм, або 96 працэнтаў кліматычнай нормы. Найменшая колькасць адзначана на тэрыторыі Брэсцкай вобласці - 39,3 мм, або 70 працэнтаў нормы. Максімальная сутачная колькасць ападкаў адзначана на метэастанцыі Навагрудак 3 верасня (40 мм).

У верасні на рэках краіны пераважаў спад узроўняў вады, у выніку чаго на Заходняй Дзвіне каля Віцебска і Бярэзіне каля Светлагорска пагоршыліся ўмовы для работы рачнога транспарту. Выпадзенне ападкаў садзейнічала запаволенню спаду ўзроўняў вады на рэках у другой і трэцяй дэкадах месяца і павышэнню ўзроўняў вады ў апошнія дні месяца. Неспрыяльныя ўмовы для работы рачнога транспарту адзначаліся на Заходняй Дзвіне ля Віцебска, Нёмане ля Гродна, Дняпры каля Магілёва, Жлобіна, Рэчыцы і Лоева, Бярэзіне ля Бабруйска і Светлагорска, Сожы каля Крычава, Слаўгарада і Гомеля.

Да канца месяца воднасць рэк аказалася меншая за звычайную для гэтай пары года: Віліі, Бярэзіны і Дняпра - на 20-30 працэнтаў, Заходняй Дзвіны, Нёмана, Заходняга Буга, Сожа і Прыпяці - на 40-50 працэнтаў. Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках і вадаёмах склала 12-17 градусаў цяпла, што блізка да нормы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі