Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 ліпеня 2021, 16:54

Тэмпература паветра ў апошняй дэкадзе ліпеня будзе на 2 градусы вышэйшая за норму

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпература паветра ў апошняй дэкадзе ліпеня будзе на 2 градусы вышэйшая за кліматычную норму, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У мінулыя суткі праз тэрыторыю Беларусі праходзіў атмасферны фронт, за якім у нашу краіну з паўночных шырот накіравалася халаднаватая паветраная маса. Франтальны раздзел, што перамяшчаецца на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску, ападкаў прынёс няшмат, а вось тэмпературны фон знізіўся істотна: мінулай ноччу ў асобных раёнах тэрмометры паказвалі ўсяго 7-9 градусаў цяпла", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 23 ліпеня, надвор'е ў Беларусі па-ранейшаму будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі раніцай і ўдзень па поўначы праявіцца ўплыў франтальнага раздзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць, будзе пераважна без ападкаў. Толькі раніцай і ўдзень месцамі па поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, уначы слабы, удзень умераны, месцамі па поўначы парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-16 градусаў вышэй за нуль, месцамі - плюс 7-9. Удзень будзе ад плюс 20 па поўначы да 28 градусаў цяпла па поўдні краіны.

У суботу, 24 ліпеня, малаактыўны атмасферны фронт прадоўжыць сваё перамяшчэнне праз тэрыторыю Беларусі. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень у асобных раёнах магчымы навальніцы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-17 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 21-27 градусаў цяпла, па поўдні - да плюс 29.

У нядзелю, 25 ліпеня, Беларусь будзе знаходзіцца ў асноўным пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 9 па поўначы да 17 градусаў вышэй за нуль па поўдні, удзень - 23-29 градусаў цяпла.

У панядзелак, 26 ліпеня, пераважны ўплыў на надвор'е будзе аказваць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі ў паўднёва-заходніх раёнах краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, удзень - 24-31 градус гарачыні.

"У далейшым з паўднёвага захаду Еўропы на тэрыторыю Беларусі перамесцяцца франтальныя раздзелы. Дажджоў стане больш, але і тэмпературны фон павысіцца. У цэлым апошняя дэкада ліпеня чакаецца на 2 градусы вышэйшая за кліматычную норму", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 27 ліпеня, уначы месцамі па паўднёвым захадзе краіны, удзень у асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе 25-32 градусы гарачыні.

У сераду, 28 ліпеня, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 14-21 градус вышэй за нуль. Удзень будзе 24-29 градусаў цяпла, месцамі па поўдні - плюс 30-32.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі