Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 ліпеня 2018, 17:45

Тэма развіцця малой радзімы абмяркоўвалася на прыёме грамадзян у Качанавай

13 ліпеня, Лепель /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава правяла сёння прыём грамадзян у Лепелі Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Са сваімі праблемамі звярнуліся не толькі жыхары Віцебскага рэгіёна, але і Магілёўскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У час размовы з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што пытанняў паступіла шмат і яны ўсе рознапланавыя: ад жыллёвых праблем да ўдасканалення адукацыі. "Выязныя прыёмы даюць магчымасць даведацца, што адбываецца ў рэгіёне, якія праблемы існуюць у жыхароў, такія сустрэчы паказваюць пэўны зрэз у якасці работы мясцовай улады са зваротамі грамадзян. Парадавала, што людзі прыходзяць не толькі па сваіх прыватных пытаннях, але і стараюцца нешта зрабіць на агульную карысць, выказваюць прапановы, як развіваць той ці іншы населены пункт, асабліва дзе яны нарадзіліся", - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Так, жыхар Смаргоні расказаў аб адсутнасці парадку на некаторых масавых пахаваннях салдат Першай сусветнай вайны. Мужчына займаецца гістарычнай рэканструкцыяй, і пры яго дапамозе ўдалося стварыць турыстычны аб'ект "Залатая горка" (узвышша, дзе ў час Першай сусветнай вайны знаходзіўся нямецкі наглядальны пункт). Такія месцы дапамагаюць захоўваць гістарычную памяць народа і прыцягваюць турыстаў з розных краін.

Жыхарка самага маленькага горада Беларусі Дзісны Мёрскага раёна, якая прыехала на прыём, выказала некалькі ідэй аб развіцці вытворчасці ў рэгіёне, каб людзі не выязджалі з роднага краю. Жанчына таксама запэўніла, што гатова падключыцца да любога праекта па развіцці населенага пункта. Наталля Качанава адзначыла, што зверне ўвагу абласных улад на Дзісну.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама акцэнтавала ўвагу на важнасці таго, як увасабляюцца ў жыццё розныя праграмы, планы і законы на месцах. "Вядома, узнімаліся пытанні, якія мясцовыя ўлады павінны аператыўна вырашаць і не вымушаць людзей запісвацца на прыём кіруючых асоб рэгіянальнага або рэспубліканскага ўзроўняў. Праблемы неабходна вырашаць аператыўна, у першую чаргу адносна навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання, тое, аб чым гаворым у Год малой радзімы асабліва. Гэтыя задачы ставіў і кіраўнік дзяржавы. Безумоўна, нейкія пытанні адразу немагчыма вырашыць з-за пэўных абставін, але выпадкаў, калі праблемы людзей адкладаюцца надоўга некалькі гадоў запар, быць не павінна", - сказала Наталля Качанава.

На прыёме ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта было агучана каля 40 пытанняў, некаторыя звароты былі калектыўнымі. Акрамя тэмы развіцця малых гарадоў былі агучаны жыллёвыя праблемы і сферы ЖКГ, закрануты аспекты, звязаныя з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый, несправядлівага звальнення работнікаў, даўгабудаў, якія пагражаюць жыццю дзяцей, недахопу рабочых месцаў і інш. Усе пытанні ўзяты на кантроль. Некаторыя яшчэ будуць дэталёвага разглядацца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі