Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 красавіка 2021, 09:25

Тэкст закона аб правах дзіцяці адаптуюць для дзяцей рознага ўзросту

29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэкст закона "Аб правах дзіцяці" адаптуюць для дзяцей рознага ўзросту, паведаміў журналістам намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларусі Віктар Шаршун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З мінулага года ажыццяўляецца рэалізацыя сумеснага праекта Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі і ЮНІСЕФ "Дзіцячая прававая бібліятэка", у ходзе якога вядзецца работа па стварэнні адаптаванага для дзяцей тэксту закона "Аб правах дзіцяці". Прадугледжваюцца тэксты для розных узроставых катэгорый, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі псіхафічнага развіцця", - сказаў Віктар Шаршун.

Фарміраванню прававой культуры дзяцей і падлеткаў удзяляецца вялікая ўвага, адзначыў намеснік дырэктара. Пастаянна ўдасканальваецца Дзіцячы прававы сайт. У мінулым годзе была ўведзена ў эксплуатацыю яго новая версія, створаны акаўнты ў сацсетках Instagram і TikTok.

Віктар Шаршун таксама паведаміў аб плануемай мадэрнізацыі сайта "Прававы форум Беларусі". Яе правядуць у гэтым годзе ў адпаведнасці з дзяржпраграмай "Лічбавае развіццё Беларусі". Прадугледжваецца зрабіць гэты рэсурс больш зручным і інфарматыўным для карыстальнікаў.

Прававы форум Беларусі быў створаны ў 2013 годзе як нефармальная пляцоўка для абмеркавання грамадзянамі розных прававых пытанняў з удзелам прафесійных юрыстаў. З 2019 года сайт стаў афіцыйнай пляцоўкай для правядзення публічных абмеркаванняў праектаў нарматыўных прававых актаў. За ўвесь час існавання гэтага рэсурсу праведзена абмеркаванне каля 560 праектаў прававых актаў, у прыватнасці, у мінулым годзе - 196.

З мая мінулага года на YouTube-канале Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі праводзіцца адкрытая трансляцыя семінараў па навацыях у заканадаўстве і практыцы іх прымянення. Такія семінары былі прысвечаны, напрыклад, пытанням прымянення падатковага заканадаўства для фізічных асоб, рамеснай дзейнасці, абавязковаму страхаванню грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі