Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2024, 11:30

Тэхнічны юрыст. Студэнт ВДТУ ведае, як дабіцца якасці і палепшыць яе на вытворчасці

20 верасня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) Кірыл Мядзведскі прадставіць свой курсавы праект у галіне патэнтных даследаванняў на рэспубліканскім конкурсе на лепшую работу ў галіне менеджменту і кантролю якасці. Малады чалавек расказаў карэспандэнту БЕЛТА, чаму выбраў тэхнічную спецыяльнасць і як разлічвае, працуючы інжынерам, дапамагаць развіваць беларускія прадпрыемствы.

Кірыл родам з Оршы. Пасля школы ён скончыў у сваім горадзе механіка-эканамічны каледж, а потым вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю. Часткова ён пайшоў па слядах маці, якая вучылася ў ВДТУ, праўда, на эканамічнай спецыяльнасці. Малады чалавек выбраў тэхнічны напрамак, і ў сям'і ён стане першым інжынерам.

Вучыцца Кірыл на чацвёртым курсе факультэта вытворчых тэхналогій па спецыяльнасці "метралогія, стандартызацыя і кантроль якасці". Выпускнікі ВДТУ, якія выбралі гэты напрамак, становяцца спецыялістамі шырокага профілю, а ўлічваючы, што ў Беларусі ўсяго дзве ВНУ рыхтуюць такіх "тэхнароў", попыт на іх вельмі высокі. Яны запатрабваны на любым прамысловым, фармакалагічным, медыцынскім прадпрыемстве, у цэнтрах стандартызацыі і метралогіі - складана пералічыць усе арганізацыі, дзе патрэбны інжынеры, якія ведаюць аб якасці ўсё. Развіць сістэмнае мысленне - такую задачу ставяць перад сабой выкладчыкі, якія вучаць будучых інжынераў па якасці. На іх думку, юнакі і дзяўчаты, якія выбіраюць такую спецыяльнасць, становяцца тэхнічнымі юрыстамі. Яны дакладна, метадычна, скрупулёзна прытрымліваюцца кожнага стандарту, ведаюць, якой павінна быць якасць прадукцыі, а таксама вучацца глядзець на любую праблему з розных ракурсаў, каб заўважыць, дзе і што можна палепшыць, у якіх сферах ёсць рэзервы для росту.

Кірыл з'яўляецца ўдзельнікам галіновых алімпіяд. На 10-й студэнцкай алімпіядзе "Кіраванне якасцю", якую традыцыйна праводзіць Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і якая прысвечана Сусветнаму дню стандартызацыі і Сусветнаму дню якасці, у 2023 годзе студэнт ВДТУ быў капітанам. У рэжыме анлайн ён прадстаўляў сваю каманду, і прэзентацыя прымусіла яго панервавацца. "Я вельмі хваляваўся, але своечасова сабраўся і выступіў перад журы, у ліку якіх былі прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку цэнтраў стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі", - падкрэсліў ён.

Выкладчыкі адзначылі, што не здзіўлены, што каманда, лідарам якой быў Кірыл Мядзведскі, заняла першае месца на гэтай алімпіядзе. У бягучым годзе маладому чалавеку прапануюць паўдзельнічаць у аналагічным спаборніцтве ў якасці "гуляючага трэнера" - для падтрымкі маральнага духу малодшых таварышаў.

Па прыкладзе сваіх "калег" па ВНУ Кірыл Мядзведскі займаецца навукова-даследчай работай. У мінулым навучальным годзе яго курсавая была прысвечана патэнтным даследаванням. Гледзячы праз прызму менеджменту якасці, студэнт вывучаў розныя патэнты, як іх падрыхтоўваць, заяўляць і абараняць. Яго праект будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе сярод аналагічных работ, і вынікі ён даведаецца ў кастрычніку.

Як чацвёртакурснік у гэтым годзе Кірыл плануе пісаць дыпломную работу па інавацыйным развіцці для аднаго з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебска, дзе будзе праходзіць практыку. Як палепшыць якасць працы, аптымізаваць руцінныя аперацыі, а можа, нават знайсці новую тэхналогію ў вытворчасці і запатэнтаваць яе. Калі ў яго атрымаецца, а ў гэтым упэўнены яго выкладчыкі, то і гэту работу можна будзе падаць на рэспубліканскі конкурс, тым больш што ў студэнтаў ёсць прыклад поспеху. У мінулым годзе ў конкурсе на лепшую дыпломную і навукова-даследчую работу ў галіне менеджменту і кантролю якасці таксама перамагла студэнтка ВДТУ Ганна Дарашкевіч, прычым гэта не першая ўзнагарода ў скарбонцы ВНУ і факультэта.

Яшчэ Кірыл не мог не падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў сустрэчы з Прэзідэнтам, якая прайшла ў пачатку верасня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. "Мне спадабаліся ўсе пытанні студэнтаў і адказы кіраўніка дзяржавы. Я шмат што ўзяў на заметку, але галоўнае, што я пачуў асабіста для сябе, - краіне патрэбны інжынеры. Гэта вельмі акрыляе, пацвярджае, што я выбраў правільную прафесію. Аб далёкіх планах я гаварыць не прывык, але ў бліжэйшай перспектыве пасля заканчэння ВДТУ я хацеў бы вярнуцца ў родную Оршу, якую вельмі люблю, працаваць на якім-небудзь з прадпрыемстваў. Мне хацелася б прынесці карысць і гораду, і краіне. Апошнія гады наш горад стаў развівацца як прамысловы цэнтр. Я ведаю, што ўсё беларускае - якаснае, а ў час вучобы ў ВНУ, вывучаючы ўсё дэталёва, бачу, што наша прадукцыя - лепшая, яна адпавядае высокім стандартам", - падкрэсліў малады чалавек.-0-
Фота Аляксандра Хітрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі