Сцяг Чацвер, 12 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 снежня 2024, 14:13

Тэхналагічны суверэнітэт і ўстараненне бар'ераў у гандлі: Галоўчанка назваў прыярытэты для СНД

12 снежня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Маскве назваў прыярытэтныя напрамкі для развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння краін Садружнасці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першы напрамак - забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту на прасторы Садружнасці. "Адзін з галоўных яго складнікаў - эфектыўная прамысловая кааперацыя. У мінулым годзе вельмі своечасова мы зацвердзілі канцэпцыю развіцця прамысловай кааперацыі і комплекс мер па яе развіцці да 2030 года. Неабходна рабіць акцэнты на такіх галінах, як мікраэлектроніка, станкабудаванне, авіябудаванне. Таму заключэнне сёння пагаднення аб развіцці грамадзянскага суднабудавання павінна ўнесці ўклад і ў развіццё супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і тэхналагічнай сферах. Важна потым напоўніць гэта пагадненне адпаведнымі галіновымі праграмамі. У нас функцыянуе галіновы савет па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, а многім навуковым установам нададзены статусы базавых арганізацый СНД. Таму трэба задзейнічаць максімальна актыўна навуку для аператыўнага ўкаранення ў вытворчасць вынаходстваў і распрацовак", - сказаў ён.

Яшчэ адзін важнейшы напрамак - устараненне бар'ераў, якія застаюцца ва ўзаемным гандлі. "У пазітыўным ключы адзначаем дзейнасць рабочай групы высокага ўзроўню для абмеркавання існуючых гандлёвых бар'ераў. Падрыхтаваным да падпісання пратакольным рашэннем прапануецца разгледзець магчымасць пачатку перагавораў аб унясенні змяненняў у Дагавор аб зоне свабоднага гандлю 2011 года. Разлічваем на наступным пасяджэнні савета заслухаць вынікі работы па ўнясенні змяненняў у гэты дагавор", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, для пяці краін - Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана - ужо ўступіла ў сілу пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі. "Спадзяёмся на больш хуткае завяршэнне ратыфікацыйных працэдур Казахстанам і Узбекістанам, пасля чаго прадоўжым работу па далейшай лібералізацыі ўзаемнага гандлю паслугамі", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Ён лічыць, што ўяўляецца абгрунтаваным большы акцэнт рабіць на развіцці ўзаемных інвестыцый. Гэтай мэце паслужыць абнаўленне падпісанага яшчэ ў 1993 годзе пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне інвестыцыйнай дзейнасці і прыняцце комплексных мер па прыцягненні і стымуляванні развіцця ўзаемных інвестыцый у СНД на перыяд да 2030 года.

"Забяспечанасць прадуктамі харчавання для любой краіны - пытанне нацыянальнай бяспекі. Для нашых краін гэта таксама актуальна. Таму вітаем работу над новай рэдакцыяй праекта пагаднення аб міждзяржаўных узаемаадносінах па пытаннях аграпрамысловага комплексу. Транспарт і лагістыка - таксама важнейшая сфера, таму мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне лічбавай трансфармацыі транспартнага комплексу, які мы сёння падпішам, будзе садзейнічаць інтэграцыі і бяспецы транспартных сістэм рэгіёна", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Ён таксама заявіў, што неабходна ўдасканальваць работу галіновых саветаў, павышаць эфектыўнасць іх дзейнасці. "У галіновікаў павінна ўзнікаць патрэбнасць збірацца, абмяркоўваць і пашыраць важныя злабадзённыя пытанні", - дадаў прэм'ер-міністр.-0-
Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі