Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 красавіка 2019, 14:53

Тарыфныя разрады па пасадах для бюджэтнікаў устаноўлены ў Беларусі

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тарыфныя разрады па пасадах (кратныя памеры базавай стаўкі па прафесіях) работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых, прыраўнаваных да іх, устаноўлены пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 3 красавіка 2019 года нумар 13 "Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый". Каментарый да яе апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, устаноўлены тарыфныя разрады па пасадах навуковых работнікаў з ліку спецыялістаў. Галоўны навуковы супрацоўнік атрымаў 13-ы тарыфны разрад; вядучы навуковы супрацоўнік - 12-ы; старшы навуковы супрацоўнік - 11-ы; навуковы супрацоўнік - 10-ы, малодшы навуковы супрацоўнік - 9-ы.

Таксама ўводзіцца Інструкцыя аб парадку ўстанаўлення тарыфных разрадаў па пасадах (прафесіях) работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Гэта інструкцыя вызначае памеры даплат за кожную гадзіну работы ў начны час (з 22.00 да 6.00) або ў начную змену пры зменным рэжыме работы (пры працягласці рабочай змены не больш за 12 гадзін). А менавіта: работнікам арганізацый аховы здароўя, медыцынскіх падраздзяленняў воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый, якія ажыццяўляюць экстранную і неадкладную хуткую медыцынскую дапамогу, устанаўліваецца даплата ў памеры 60 працэнтаў пагадзіннага акладу. Работнікам, занятым на работах у надзвычайных сітуацыях, а таксама медыцынскім работнікам, якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам, якія маюць патрэбу ў пастаянным кругласутачным назіранні, - 50 працэнтаў. Даплаты за сумяшчэнне прафесій, расшырэнне зоны абслугоўвання (павелічэнне аб'ёму выконваемых работ) або выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка ўстанаўліваюцца ў памеры да 100 працэнтаў (уключна) акладу ў залежнасці ад аб'ёму выконваемых работ. Канкрэтны памер устанаўліваецца наймальнікам.

Зацверджана дакументам і яшчэ адна інструкцыя - аб парадку і ўмовах аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Згодна з ёй аклады работнікаў бюджэтных арганізацый вызначаюцца шляхам памнажэння базавай стаўкі, што ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, на каэфіцыенты тарыфных разрадаў тарыфнай сеткі (кратныя памеры базавай стаўкі).

Пагадзінныя аклады будуць разлічвацца шляхам дзялення акладу на разліковую норму рабочага часу канкрэтнага месяца. Калі арганізацыя ўводзіць пагадзінную аплату працы, то пагадзінны аклад вызначаецца шляхам дзялення акладу на сярэднямесячную колькасць рабочых гадзін з улікам гадавога балансу рабочага часу і інш.

Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі