Віктар Таменка
27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Алтайскі край шукаюць новыя нішы, дзе яшчэ можна прыкметна прыбавіць ва ўзаемным супрацоўніцтве. Аб гэтым заявіў журналістам губернатар Алтайскага края Расіі Віктар Таменка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сувязь паміж Расіяй і Беларуссю, Алтайскім краем і Беларуссю такая цесная і непарыўная, што любая размова, любыя перагаворы ідуць па шырокім коле пытанняў, у першую чаргу эканамічнага супрацоўніцтва ў розных галінах народнай гаспадаркі, а таксама па пытаннях гуманітарнага супрацоўніцтва і многіх іншых", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
Паводле яго слоў, на час знаходжання ў Беларусі расійская дэлегацыя прадугледзела насычаную праграму, якая ўключае наведванне шэрага прадпрыемстваў і правядзенне перагавораў, у час якіх у цэнтры ўвагі будуць пытанні забеспячэння тэхнічнага і тэхналагічнага суверэнітэту, тэматыка імпартазамяшчэння.
Алтайскі край, як адзначыў губернатар, асабліва зацікаўлены ў набыцці ў Беларусі тэхнікі і абсталявання, у тым ліку для аграпрамысловага комплексу, а таксама пасажырскага транспарту.
"Кола пытанняў для ўзаемадзеяння шырокае. У нас ужо ёсць пэўныя дасягненні. Мы не з нуля пачынаем працаваць, мы працягваем і шукаем шляхі, дзе яшчэ можна добра і прыкметна прыбавіць у тых паказчыках, якія патрэбны людзям і ў Беларусі, і ў Алтайскім краі", - падкрэсліў Віктар Таменка.-0-