Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 ліпеня 2024, 10:37

"Такога тут зроду не было!" Гараджанін выехаў на хутар і будуе там капліцу

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усё сваё жыццё Антон Гнецька пражыў у горадзе. Думка пра пераезд у лясны гушчар узнікла выпадкова гадоў пяць таму. Захацелася паехаць далей ад гарадской мітусні - у цішыню і спакой.

"Мне пашчасціла атрымаць гэта месца ў сэрцы Беларускага Палесся, - усміхаецца Антон і ўдакладняе, што спецыяльна нічога не шукаў. - Таварыш падказаў, што на краі лесу ёсць нядрэнны дом, які пустуе ўжо гадоў 15. Я прыехаў, паглядзеў і літаральна прыкіпеў да гэтага месца. Даведаўся, што 80-гадовая гаспадыня жыве недалёка ў сына. Паехаў да яе і шчыра сказаў: "Гатовы купіць ваш дом за такую суму, больш няма. Вось вам мой тэлефон, падумайце і ператэлефануйце".

Антон не паспеў вярнуцца ў горад, як пачуў у трубцы: "Так, забірайце!" Ён адразу прывёз гаспадыні дома задатак і стаў займацца сядзібай за некалькі кіламетраў ад вёскі Лугі ў Лунінецкім раёне.

Перш за ўсё вырашыў прывесці ў парадак участак: з-за зараснікаў, якія ўшчыльную падступілі да дома, было складана прабірацца да будынка нават пяшком. "Я ў жыцці, можна сказаць, цвіка ў сцяну не забіў, давялося ўсяму вучыцца. За парадай часта звяртаўся да суседа-цесляра, ён заўсёды мяне выратоўваў. Крок за крокам, па меры сродкаў і сіл прыводзіў у парадак свой хутар. Нездарма ж гаворыцца: вочы баяцца, а рукі робяць", - адзначае Антон.

Паціху жыццё, якое ён выбраў, пачало наладжвацца: дом набыў жылы выгляд, лужок каля парога зарос сакавітай зялёнай травой, а ў падсобках знайшлося месца для жывёл. За ахову тэрыторыі адказвае лепшы сябар гаспадара - сабака па мянушцы Айк. Паводле слоў Антона, прырода ў тутэйшых мясцінах не толькі прыгожая, але і небяспечная, лепш заўсёды быць напагатове. "Сур'ёзных набегаў дзікіх звяроў на маю сядзібу не было. Толькі што курыцу хтосьці выкраў. Да сустрэчы з вужамі я прывык ужо, але бывае, і гадзюка сустрэнецца на шляху. Казулі па ўчастку гуляюць. Зімой часта ваўкі забягаюць, за акном чуваць іх выццё. Мне ўсё гэта падабаецца, ніколі не было страшна. Больш людзей трэба баяцца, чым дзікіх жывёл", - па-філасофску заўважае мужчына.

Цяпер думкі Антона часцей за ўсё заняты будаўніцтвам капліцы, якой зроду не было ў вёсцы. "Амаль два гады я выношваў гэту ідэю. Потым даведаўся, колькі будзе каштаваць зруб. Паехаў да старшыні, кажу, маўляў, дазвольце пабудаваць капліцу. Праз час мне выдзелілі пад яе ўчастак", - успамінае ён. Цікава тое, што як толькі Антон пачаў узводзіць капліцу, яму сталі трапляцца людзі, гатовыя дапамагчы ў гэтым. Адзін бязвыплатна крыў дах, другі ўваходныя дзверы дапамог зрабіць за сімвалічныя грошы. "Цяпер гляджу на гэту капліцу і здзіўляюся: нас было літаральна пяць мужыкоў, а зрабілі такую вялікую, важную справу. І ніхто капейкі не ўзяў за сваю работу", - удакладняе Антон Гнецька.

Пра сваё жыццё ён расказвае ў блогу на YouTube-канале, дзякуючы якому праславіўся не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Падпісчыкаў ужо 344 тысячы чалавек. Ролікі набіраюць па паўмільёна і больш праглядаў. "Блог завёў літаральна з першых дзён куплі хутара. Паказваю, што можна рабіць усё сваімі рукамі. Нават калі нічога не ўмееш, то вучышся. Цяпер нават у магазіне пазнаюць, просяць аўтограф. Я адмаўляюся, бо знакамітасцю сябе не лічу. Проста раблю тое, што мне падабаецца", - запэўнівае блогер.

Антон Гнецька - герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы прыехалі на яго хутар, каб убачыць тую самую капліцу, а таксама ўсё яго вясковае жыццё без прыкрасы.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі