Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лістапада 2020, 14:46

Свяшчэннаслужыцелі не павінны аказваць раздзяляльнае ўздзеянне на грамадства - мітрапаліт Веніямін

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Словы і дзеянні свяшчэннаслужыцеляў не павінны аказваць раздзяляльнае ўздзеянне на грамадства. Аб гэтым у размове з журналістамі заявіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння мітрапаліт Веніямін першы раз асабіста сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам для грунтоўнай, падрабязнай размовы аб многіх аспектах развіцця царквы, грамадства і дзяржавы. "Мы гэтыя пытанні абмяркоўвалі, абменьваліся меркаваннямі, выбудоўвалі планы на будучыню: як і што можна зрабіць для Беларусі на карысць нашага народа і вырашэння тых пытанняў, якія цяпер прад'яўляе сучаснае жыццё", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, у час сустрэчы абмяркоўваліся змяненні, што адбываюцца ў сучасным свеце, і іх уплыў на беларускае грамадства. "Гаварылі аб сітуацыі, звязанай і з кавідам, і з пратэснымі акцыямі. Стараліся разглядаць з розных бакоў, каб улічваць розныя меркаванні і зразумець, чаму ўзнікае цяперашняя сітуацыя ў Беларусі і які далейшы шлях нашай Айчыны, каб захаваць мір, згоду, суверэнітэт, - расказаў Уладыка Веніямін. - Закраналі і адносіны з Расіяй і заходнімі краінамі. Гаварылі аб тым, што важна захоўваць мір, знешні баланс, каб краіна была суверэннай і развівалася самастойна".

Па просьбе журналістаў мітрапаліт выказаў сваё меркаванне наконт асобных выпадкаў, калі свяшчэннаслужыцелі, размаўляючы з прыхаджанамі, даюць рэзкія ацэнкі грамадска-палітычным падзеям. "Кожны чалавек, грамадзянін нашай Айчыны мае права на сваю пазіцыю, і гэта прадугледжана адпаведнымі нормамі права і царкоўнымі законамі. Але разам з тым мы павінны разумець, калі і як выказаць сваю пазіцыю. І мы, свяшчэннаслужыцелі, будзем памятаць, што царква - гэта месца сустрэчы людзей розных перакананняў, палітычных поглядаў. Важна, каб у царкве чалавек адчуваў сябе ў доме айца свайго нябеснага і каб нейкія словы, дзеянні свяшчэннаслужыцеля не аказвалі радзяляльнага ўздзеяння на наша грамадства", - падкрэсліў Уладыка Веніямін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі