Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 чэрвеня 2025, 10:50

"Сумленна расказваем пра сельскае жыццё". Шматдзетная сям'я наладзіла вясковы побыт і прыручыла нутрый

Гісторыямі аб тым, як беларусы прамянялі паспяховы бізнес і гарадскую кватэру з раскошным рамонтам на вясковы побыт, сёння ўжо мала каго здзівіш. Нашы ж героі Юрый і Сняжана Капузы, наадварот, у мегаполіс ніколі не рваліся, вырашыўшы першапачаткова: іх сям'я будзе жыць абавязкова на прыродзе. Праўда, тады і падумаць не маглі, што акрамя пяцярых дзяцей у іх з'явіцца сядзіба з вялікай гаспадаркай, а ў сажалцы паселяцца ручныя нутрыі. І аб усім гэтым яны будуць расказваць для шматтысячнай аўдыторыі ў сваім блогу. Карэспандэнты "7 дней" пабывалі ў гасцях у пары Капузаў, каб даведацца, як ператварыць сельскі побыт у папулярны кантэнт.

"Домік дастаўся са шматгадовай гісторыяй"

Знаёмы нашы героі яшчэ са школы. Вучыліся, праўда, у розных класах - Юрый на год малодшы, але гаворыць, што "самая прыгожая дзяўчынка школы" яму адразу ж спадабалася. Сустракацца пачалі, калі яна ўжо вучылася на першым курсе ўніверсітэта, але адносіны не заладзіліся і пара на некаторы час рассталася. За гэты перыяд Сняжана паспела нават выйсці замуж і нарадзіць сына. Цяпер яна з усмешкай успамінае, што першы шлюб быў паспешлівым, а сустрэчу з Юрыем называе не інакш, як лёсам.

- Пасля службы ў арміі ўся юнацкая дурасць выветрылася. Мяне не раз звалі працаваць у сілавыя структуры ў Мінск, але заўсёды цягнула ў вёску. Зразумеў, што ўжо не школьнік, трэба абразуміцца. Захацелася простага сямейнага шчасця. Сняжана якраз заканчвала ўніверсітэт, калі я зрабіў ёй прапанову. Вядома, згадзілася, - усміхаецца Юрый і з пяшчотай пазірае на жонку. - Мама мяне выхоўвала адна, таму ў фінансавым плане вельмі разлічваць не было на каго. Працаваў у тыя гады ў калгасе на трактары, потым на кормаўборачным камбайне. На вяселле зарабіў сам.

- У першы год пасля вяселля мы купілі сваю першую машыну і домік у аграгарадку Сігневічы, якому быў не адзін дзясятак гадоў, - далучаецца да размовы жонка Сняжана. - Так хацелася нам звіць сваё сямейнае гняздзечка. Хоць гэта аказалася не так проста.

Дарэчы, Сняжане жыць у вёсцы не вельмі і хацелася, паколькі ў горадзе, як ёй здавалася, магчымасцей значна больш. Мужу ўсё ж удалося яе пераканаць, і праз гады яна прызнаецца, што ніколькі не пашкадавала аб гэтым. У аграгарадку ёсць усё для камфортнага пражывання: магазіны, школа, сад. Дзеці наведваюць розныя гурткі. Калі ж чагосьці не хапае, то да райцэнтра - рукой падаць, менш за 15 кіламетраў.

- Як гаворыць народная мудрасць: сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выхаваць сына. У нашым выпадку - пяць цудоўных дзяцей. І гэта павінна быць асновай для любога беларуса - сапраўднага мужчыны. Калі жэнішся, з'яўляюцца дзеці, то павінен разумець, што за іх у адказе не дзяржава, а ты. Хоць наша дзяржава аказвае вялізную дапамогу і падтрымку. У гэтым мы пераканаліся на сваім прыкладзе, - адзначае Юрый Капуза. - Домік нам дастаўся са шматгадовай гісторыяй. Ён літаральна стаяў на зямлі, не было відаць нават фундамента. Умовы, вядома, былі зусім не прыдатныя для пражывання, тым больш з маленькімі дзецьмі. Таму пачалі задумвацца аб яго рэканструкцыі. Пазней напісалі заяву ў сельсавет, каб правесці неабходныя будаўнічыя работы.

На той момант муж і жонка не ведалі, што існуе цэлая крэдытная дзяржпраграма, накіраваная на дапамогу шматдзетным сем'ям, якія пражываюць у вёсцы. Аб гэтым ім расказалі работнікі сельскага савета, яны ж дапамагалі сабраць усе неабходныя дакументы.

- Пачынаць рэканструкцыю было страшна. Здавалася, усё разваліцца літаральна на вачах. Памятаю, як пачалі дамкратам падымаць дом і сцяна стала падаць. Мы з мужыкамі стаялі і трымалі яе, вагой некалькі тон, голымі рукамі. Жонка глядзела на ўсё, што адбываецца, і плакала. Пасля паехала ў царкву, паставіла свечку, памалілася, папрасіла дапамогі ва Усявышняга, і паступова ўсё пачало атрымлівацца, - гаворыць Юрый.

Сёння ў іх вялікі і камфортны дом. Прызнаюцца, што многае трэба зрабіць, але цяжкасцей гэта вялікая і дружная сям'я не баіцца. Тут кожны гатовы падставіць адзін аднаму плячо: так вучылі Юрыя і Сняжану іх бацькі, цяпер жа яны перадаюць гэта правіла сваім дзецям. Дарэчы, аб тым, што іх у сям'і павінна быць шмат, муж марыў усё жыццё.

- З дзяцінства хацеў вялікую сям'ю: каб браты былі сябрамі паміж сабой, а сёстры - сяброўкамі. Каб усе дапамагалі бацькам. Вось і атрымалася ў нас цэлая футбольная каманда. Дзеці - наша галоўная каштоўнасць у гэтым свеце. Калі Бог дасць нам яшчэ малышоў, мы з жонкай будзем толькі рады. Зможам падняць іх на ногі, выхаваць сапраўднымі людзьмі - сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, - горда гаворыць шматдзетны тата і ўспамінае, як лёс двойчы праверыў іх адносіны з жонкай. Першы раз, калі Сняжана сур'ёзна захварэла і Юрый застаўся з падсобнай гаспадаркай і дзецьмі, адно з якіх толькі-толькі нарадзілася. - Пасля нараджэння Варвары жонка захварэла на каранавірус, які справакаваў трамбоз. Хвароба вельмі сур'ёзная, лячэнне працяглае і абавязкова ў стацыянары. За час яе адсутнасці я шмат што пераасэнсаваў.

Пасля выздараўлення Сняжаны нічога не прадказвала бяды ў іх шчаслівай сям'і: дзеткі на радасць падрасталі, гаспадарка папаўнялася. Бяда, як кажуць, прыйшла, адкуль не чакалі: у Юрыя здарыўся інфаркт.

- Застаўся жывым толькі дзякуючы жонцы. Яна заштурхала мяне ў машыну, села за руль і адвезла ў бальніцу. Урачы так і сказалі: калі б чакалі хуткую дапамогу, то выратаваць, хутчэй за ўсё, не ўдалося б, - адзначае ён. - Гэтыя выпрабаванні толькі ўмацавалі нашу сям'ю, мы сталі больш беражліва ставіцца адзін да аднаго.

"Людзей прыцягвае вясковая прастата"

Акрамя вялікай сям'і, другая важная тэма для размовы ў Юрыя - гэта падсобная гаспадарка. Дзве каровы, козы, авечкі, качкі, індычкі, куры, трусы - каго толькі не сустрэнеш на іх падворку! Раней Юрый працаваў прадаўцом, пасля - вырас на пасадзе да загадчыка. Аднак у нейкі момант зразумеў, што трэба вышэйшая адукацыя, тым больш у Беларусі цудоўныя магчымасці для яе атрымання.

- Я - студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вырашыў выбраць сельскагаспадарчы напрамак, спецыяльнасць - інжынер па ахове працы. З работы давялося звольніцца. Дырэктар не падтрымаў маё жаданне вучыцца. Хутка сесія. З вялікім задавальненнем наведваю заняткі. Мне ўсё падабаецца, цікава. Вакол добрыя людзі, выдатныя выкладчыкі, - гаворыць Юрый і ўспамінае, як лёгка яму было паступіць на завочнае аддзяленне: - Маючы нядрэнны сярэдні бал і здаўшы экзамены, я прайшоў на бюджэт. Гэта значыць, атрымліваю адукацыю бясплатна. Праўда, пасля інфаркту думаў кінуць гэту справу, але жонка настаяла, каб ішоў да канца. І пастаянна мяне ў гэтым рашэнні падтрымлівае.

Гаспадарка ў сям'і хоць і вялікая, але яны шчыра прызнаюцца: ніколі нават не задумваліся аб тым, што прадукцыю можна рэалізоўваць, зарабляючы на гэтым грошы. Адзін-другі-трэці раз пачаставалі малаком, маслам, сырам, тварагом і нават згушчонкай суседзяў, сяброў, знаёмых - і праз некаторы час у сям'і з'явіліся пастаянныя пакупнікі.

- Аднойчы нам сказалі: у вас такое смачнае малако, чаму не прадаяце? Тады мы і задумаліся: сапраўды, чаму? Уся прадукцыя ў нас натуральная. Ды і ў нашай краіне, ведучы асабістую падсобную гаспадарку, ты можаш у поўным аб'ёме рэалізоўваць усё, не парушаючы закон. Разводзім курэй, каб і мяса, і яйкі былі свае. Завялі кароў, таму што дачка вельмі любіць малачко, а раней мы яго пакетамі ў магазіне закуплялі, - адзначае Сняжана. - Людзі прыязджаюць да нас па прадукты, гуляюць па сядзібе, знаёмяцца з жывёламі - чым не аграэкатурызм? Будзем развівацца ў гэтым напрамку. Вядома, не заўсёды ўсё так атрымліваецца, як задумалі.

- Каб купіць нешта новае з тэхнікі, трэба мець вялікі абарот, а мы толькі пачынаем сваю справу. Таму даводзіцца збіраць амаль з металалому. Цяпер перабіраю трактар, прыйшла пара зямлю араць - яна павінна нас карміць, а не пуставаць, - тлумачыць Юрый і дзеліцца сваімі марамі: - Хочам стварыць кантактны заапарк. Гэта будзе тое месца, куды можна прыехаць адпачыць усёй сям'ёй, а пры жаданні - застацца на начлег. Паспрабаваць на сабе сапраўдны сельскі побыт: падаіць карову, пакарміць курэй з качкамі, пасячы дровы, пакасіць траву самай звычайнай касой, як гэта рабілі нашы бацькі, дзяды, прадзеды. Паверце, людзей такая вясковая прастата прыцягвае, многім надакучыла гарадская мітусня.

Беларусь, паводле слоў Юрыя Капузы, адна з нямногіх краін, якая можа ганарыцца развітой сельскай гаспадаркай. І ў гэтым вялікая заслуга Прэзідэнта, які падтрымлівае будаўніцтва новых комплексаў, рэканструкцыю старых ферм, развядзенне буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака…

- Мы, з'яўляючыся карэннымі сялянамі, поўнасцю падтрымліваем кіраўніка дзяржавы: не даў так раскрасці і знішчыць прадпрыемствы, як гэта зрабілі за мяжой. Толькі ўспомніце, што было ў сельскай гаспадарцы 30-50 гадоў таму - і што сёння?! Сучасная тэхніка, а людзі выдатна выглядаюць, добра зарабляюць і могуць дазволіць сабе ездзіць па вёсцы на дарагой машыне, - упэўнены субяседнік.

"Як блогер, без тэлефона не выходжу з дому"

Што незвычайнага на падворку Капузаў, дык гэта невялікая сажалка, у якой жывуць ручныя нутрыі. Такія выхаваныя, што іх можна гладзіць і нават карміць з рукі. Звяркі пасябравалі з іншай жыўнасцю ў гаспадарцы. Толькі каровы з недаверам пазіраюць на гэтыя пушыстыя стварэнні, асцярожна абыходзячы іх бокам.

Гісторыя іх з'яўлення ў Сігневічах заслугоўвае асобнай увагі, упэўнены Юрый, якому заўсёды хацелася завесці экзатычных звяроў.

- Упершыню ўбачыў нутрый на фота і падумаў, што гэта вялікі пацук. Стаў паглыбляцца ў тэму, чытаць артыкулы. Падумаў, вось цікава было б сабе такіх завесці. Памарылі з жонкай - і на гэтым усё, паколькі цана на такога звярка нам была не па кішэні. Ды і ўмовы для іх утрымання патрэбны асаблівыя, - успамінае гаспадар. - Але ж марам уласціва здзяйсняцца! Дык вось, у адзін цудоўны дзень мне пазванілі знаёмыя і прапанавалі забраць некалькі андатраў. Нехта іх выкінуў у дзікую прыроду, і звяры, хутчэй за ўсё, загінуць. Калі я прыехаў, аказалася, што гэта нутрыі. Як не верыць пасля гэтага ў цуды?!

Жонка з усмешкай успрыняла ідэю мужа, маўляў, усё табе трэба. Аднак, як і належыць любячай спадарожніцы, ідэю яго поўнасцю падтрымала. Да таго ж непадалёку была закінутая сажалка. Засталася справа за малым: расчысціць вадаём і перавезці нутрый на новае месца жыхарства. На той момант муж і жонка нават не думалі, што звяркі стануць для іх такой аддушынай. Прывезлі зусім малышоў, сёння яны ўжо падраслі, прыжыліся і адчуваюць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі, свае сем'і завесці паспелі. Зрок у гэтых пушыстых звяркоў вельмі слабы, затое слых выдатна развіты. Калі спрабуеш за спіну ўзяць, нутрыя можа і ўкусіць, паказваючы, што яна тут галоўная. Наогул звераняты добрыя: бегаюць уздоўж сажалкі разам з курамі, сябруюць з катамі і, вядома ж, даюць людзям сябе пагладзіць.

- Часта нашы госці звяртаюць увагу на іх жоўтыя зубы: значыць, звяры на нешта хварэюць? На самай жа справе гэта паказчык таго, што нутрыі абсалютна здаровыя, а ў нашым выпадку яшчэ і шчаслівыя! - запэўнівае Юрый.

Пра свой сельскі побыт Юрый і Сняжана расказваюць у асабістым блогу ў ТikТоk.

Напрыклад, як сабака Берта катае дзяцей зімой на санках, трусы-вушасцікі дораць шмат пазітыўных эмоцый, пушыстыя каты збягаюцца ў час даення кароў з усіх куткоў падворка і з мяўканнем чакаюць, калі ж гаспадыня пачастуе іх цёплым сырадоем.

- Акрамя догляду дома і дзяцей, мыцця, гатавання ў мае абавязкі ўваходзіць і здымка ролікаў для блога. Многія, калі даведваюцца, які ў нас падворак, здзіўляюцца, як усё ўдаецца паспяваць. Яшчэ і на манікюр езджу, - падморгвае Сняжана і тут жа расказвае пра ідэю з блогам: - Пачыналі з ТikТоk, а цяпер сабралі сваю аўдыторыю і на YouTube. Я, як блогер, без тэлефона ўжо з дому не выходжу. У хляве здымку зрабіла, пабегла ў куратнік, зазірнула да парасят, а потым бягом на сажалку да нашых галоўных герояў - нутрый.

Спачатку вучыліся на сваіх памылках. Нямала было і хейтараў, якія ў простых відэа знаходзілі нешта негатыўнае. Сняжана ўспамінае, як эмацыянальна ўспрымала кожны такі каментарый, нават хацелася кінуць усе гэтыя здымкі. Муж і дзеці, наадварот, заўсёды расхвальвалі яе ролікі.

- Цяпер не мы працуем на кантэнт, а ён на нас. З'явіліся падпісчыкі, якім падабаюцца нашы блогі, яны захапляюцца намі, пішуць толькі добрыя словы і пажаданні, - збянтэжана гаворыць гаспадыня падворка. - А мы ж нічога спецыяльна не выдумваем, проста шчыра і без прыхарошвання паказваем наша цудоўнае сельскае жыццё.
 
У Юрыя і Сняжаны Капузаў пяцёра дзяцей, дом і вялікая гаспадарка: каровы, свінні, качкі, куры і ручныя нутрыі.

Пара Капузаў марыць стварыць сядзібу, куды можна будзе прыехаць адпачыць усёй сям'ёй, застацца на начлег. Паспрабаваць на сабе сапраўдны сельскі побыт: падаіць карову, пакарміць курэй з качкамі, пасячы дровы, пакасіць траву самай звычайнай касой, як гэта рабілі нашы бацькі, дзяды, прадзеды.

Марына ВАЛАХ,
фота Паўла АРЛОЎСКАГА.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі