Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 ліпеня 2020, 13:19

Суды і загсы перад скасаваннем шлюбу будуць прапаноўваць мужу і жонцы сустрэчу з медыятарам

1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Суды і загсы перад скасаваннем шлюбу будуць прапаноўваць мужу і жонцы сустрэчу з медыятарам. З 1 ліпеня ўступаюць у сілу змяненні ў заканадаўстве па пытаннях медыяцыі, прадугледжаныя законам ад 18 снежня 2019 года нумар 277-З "Аб змяненні законаў", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Мінюста Вольга Шыбко.

Гэты дакумент уносіць папраўкі і ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Замацоўваецца агульнае палажэнне аб абавязку суда і загсаў пры звароце мужа і жонкі з заявай аб скасаванні шлюбу растлумачваць ім права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам. У закон аб медыяцыі ўводзіцца паняцце і асноўны змест такой сустрэчы, калі растлумачваюцца мэты, прынцыпы і правілы медыяцыі, правы і абавязкі бакоў у працэдуры, функцыі, правы і абавязкі медыятара, парадак і прававыя вынікі заключэння медыятыўнага пагаднення.

Паводле слоў Вольгі Шыбко, гэты падыход ужо апрабаваны ў 2017-2018 гадах па пілотным праекце ў загсах Мінска і пацвердзіў сваю эфектыўнасць. Змяненні дадуць магчымасць стварыць у грамадстве найбольш спрыяльныя ўмовы для захавання сям'і і зберажэння сямейных каштоўнасцей.

Кодэкс аб шлюбе і сям'і таксама дапоўнены палажэннямі, якія прадугледжваюць прымяненне медыяцыі па спрэчках, што ўзнікаюць з шлюбна-сямейных адносін. У прыватнасці, прадастаўляецца права бакам вызначыць у шлюбным дагаворы віды спрэчак паміж мужам і жонкай (былымі мужам і жонкай), якія могуць быць урэгуляваны з удзелам медыятара.

Акрамя таго, медыяцыя ўкараняецца ў якасці альтэрнатыўнага дасудовага спосабу ўрэгулявання спрэчак, якія ўзнікаюць паміж юрыдычнымі асобамі і (або) індывідуальнымі прадпрымальнікамі, разам з існуючым прэтэнзійным парадкам.

Адна з мэт заканадаўчых змяненняў - уніфікацыя норм грамадзянскага і гаспадарчага працэсу ў пытаннях, звязаных з працэдурай медыяцыі. Бакі могуць звярнуцца да медыяцыі на любой стадыі судаводства (грамадзянскага і гаспадарчага).

Нараўне з прыпыненнем вытворчасці па справе суд мае права пакінуць іск без разгляду ў сувязі з заключэннем пагаднення аб прымяненні медыяцыі. Гэта дасць бакам магчымасць абмяркоўваць і выпрацоўваць умовы ўрэгулявання канфлікту, не абмяжоўваючыся іскавымі патрабаваннямі. У гэтым выпадку вяртаецца выплачаная дзяржаўная пошліна.

У якасці дадатковых гарантый прапануецца ў грамадзянскім судаводстве па аналогіі з гаспадарчым працэсам выдача судом выканаўчага ліста на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення. Гэта дасць магчымасць узмацніць прававое значэнне пагаднення, дасягнутага ў медыяцыі, і надаць дадатковыя гарантыі яго выканання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі