Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 кастрычніка 2021, 16:55

Субоцін: стратэгію ў сферы інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года зацвердзяць у бліжэйшы час

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стратэгію Беларусі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года плануецца зацвердзіць у бліжэйшы час. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін у час Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях падрыхтаваў і ўнёс у Савет Міністраў стратэгію Беларусі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года, якой вызначаны канкрэтны план мерапрыемстваў. Ключавымі задачамі для нас з'яўляюцца развіццё рэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва, лічбавізацыя адміністрацыйных працэсаў, трансфер тэхналогій і камерцыялізацыя інавацый, падрыхтоўка кадраў, развіццё творчага і вынаходніцкага патэнцыялу моладзі. У бліжэйшы час мы плануем зацвердзіць гэты дакумент на ўзроўні ўрада", - сказаў Аляксандр Субоцін.

Ён таксама адзначыў, што ў ЕАЭС вырашаюцца пытанні ў сферы каардынацыі дзеянняў па абароне правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Адно з актуальных пытанняў - эфектыўнае выкарыстанне прававых інструментаў праваўладальнікам. "Вельмі важна, каб задачы абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, барацьбы з нядобрасумленнай канкурэнцыяй, процідзеяння нелегальнаму імпарту тавараў аднолькава трактаваліся і эфектыўна вырашаліся ў кожнай з нашых краін", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Мэтай канферэнцыі з'яўляецца аналіз стану, праблем, тэндэнцый і перспектыў развіцця пытанняў інтэлектуальнай уласнасці ў сферы права, эканомікі, дзяржаўнага кіравання, сістэме навукова-тэхнічнай інфармацыі, сацыяльнай і іншых сферах дзейнасці ў Беларусі і за мяжой."Тэма канферэнцыі непасрэдна звязана з работай навукі. Усё, што робяць вучоныя, - гэта і ёсць база інтэлектуальнай уласнасці ва ўсіх сферах: космас, электратранспарт, біятэхналогіі, сельская гаспадарка і іншыя. У цэлым беларускае заканадаўства ў гэтай сферы даволі развіта, правы распрацоўшчыкаў абаронены. Патрабуюць удасканалення пытанні заахвочвання вучоных за распрацоўкі, выплаты ганарараў, прэмій. Павінна быць прамая сувязь вынікаў вучоных і мер матэрыяльнага стымулявання", - падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Праграмай канферэнцыі таксама прадугледжана ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу студэнцкіх работ і падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці і БДУ.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі