Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 красавіка 2021, 17:50

Суботнікі маюць стваральны характар - Сергяенка

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Суботнікі маюць стваральны характар. Такое меркаванне выказаў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння па ўсёй Беларусі працуюць людзі ўсіх узростаў: нехта ўпарадкоўвае помнікі, магілы, нехта ўпарадкоўвае тэрыторыі медыцынскіх устаноў, спартыўных комплексаў, іншыя наводзяць парадак у населеных пунктах, вёсках. Мы праехалі па вуліцах Лагойска - працуюць усе, людзі займаюцца добраўпарадкаваннем роднага горада. На прыкладзе такіх мясцін, як Лагойск, відаць, як прыгажэе з кожным годам уся наша краіна, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Такія мерапрыемствы аб'ядноўваюць людзей, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства. Акрамя таго, ты разумееш, што прыносіш рэальную карысць сваёй краіне".

У час рэспубліканскага суботніка з удзелам супрацоўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта на тэрыторыі Лагойскага лясгаса пасаджаны лясныя культуры на плошчы 1,7 га. "Мы таксама паглядзелі, як арганізавана тут работа, як растуць саджанцы, як дзейнічае тэхніка і што значыць праца лесаруба і работніка лясгаса", - расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што лясная прамысловасць - адзін з перспектыўных напрамкаў развіцця краіны. "Сёння ў Беларусі амаль 41 працэнт лясоў. Таму трэба падтрымліваць іх у належным стане, неабходна развіваць нашы лясныя ўгоддзі, займацца пасадкай новага лесу. Беларусь - гэта лёгкія Еўропы. Мала таго што лес - месца, дзе можна правесці час, але гэта яшчэ і стратэгічны матэрыял. Гэта работа на экспарт, гэта магчымасць зарабляць сродкі ў бюджэт краіны", - дадаў ён.

"Мне падабаецца такі суботнік. Сёння прыдатнае для работы надвор'е: не горача і не холадна, - падзяліўся ўражаннямі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. - Лес - наша багацце, і мы робім добрую справу, прадаўжаем трымацца добрай традыцыі. Для пасадкі лесу выкарыстоўваем сістэмны падыход, прымяняем сучасныя тэхналогіі і садзім саджанцы. Думаю, будзе цудоўны вынік".

Паводле слоў першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Валянціна Шатраўкі, у мінулым годзе на гэтым участку лесу была праведзена высечка галоўнага карыстання. "Лес дасягнуў сваёй спеласці, мы сабралі ўраджай. Адпаведна, адразу пасля высечкі аднаўляем гэты ўчастак, - расказаў ён. - Мы вырошчваем каля 23 млн пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, што дазваляе пакрываць ляснымі культурамі плошчу ў памеры 6-6,5 тыс. га. Для гэтага выкарыстоўваюцца пасадачныя трубы. Гэта тэхналогія, якая прымяняецца па ўсім свеце, што дае магчымасць забяспечыць стапрацэнтную прыжывальнасць высаджаных дрэў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі