Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 красавіка 2021, 15:42

Стварэнне сімуляцыйных цэнтраў і рэзідэнтуры, рост зарплат - Піневіч аб развіцці аховы здароўя

1 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне сімуляцыйных цэнтраў і рэзідэнтуры, павышэнне зарплаты медыцынскім работнікам - на гэтым зрабіў акцэнты міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, расказваючы журналістам аб развіцці сферы перад падагульняючым размеркаваннем студэнтаў лячэбнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў ГомДМУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, у наступным годзе ў поўнай меры будуць укараняцца сімуляцыйныя цэнтры. "Яны будуць і ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА), і ва ўсіх універсітэтах, і ў каледжах. Практыкаарыентаванасць там будзе пастаўлена як мінімум на роўных чашах шаляў з тэарэтычнай падрыхтоўкай маладых спецыялістаў", - адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Таксама ў ГомДМУ будуць пашырацца формы послядыпломнай падрыхтоўкі. "Нагадваю, што рэзідэнтура ўведзена. Цяпер рыхтуем дакументы вышэйшага ўзроўню для яе старту ў поўнай меры. Стаіць задача напоўніць рэзідэнтуру кампетэнцыямі, месцамі, парадкам праходжання - гэта таксама вельмі важныя кампаненты. У цэлым узмацненне ролі паслядыпломнай падрыхтоўкі, якая будзе ў нашых ВНУ, апрыёры, як і ў еўрапейскіх універсітэтах, адваротным ходам умацуе і адукацыйны працэс дадыпломнай падрыхтоўкі", - падкрэсліў міністр.

Закранаючы тэму дэфіцыту кадраў, Дзмітрый Піневіч растлумачыў, што гэты ракурс заўсёды ў полі зроку міністэрства. І да гэтага пытання спецыялісты падыходзяць з узважанай аналітыкай. У прыватнасці, размова зайшла пра каэфіцыент сумяшчальніцтва 1,25 у розных установах. "Стаўка з чвэрцю была, ёсць і заўсёды застанецца каэфіцыентам сумяшчальніцтва. Перакананы, што акушэр-гінеколаг павінен мець навыкі УГД. Калі ў гэтым ракурсе прааналізаваць колькасць фізічных асоб і штатных адзінак, то патрэбнасць у кадрах ужо становіцца меншай. Вядома, застаецца пытанне малых гарадоў, пярвічнага звяна, у якім маладыя спецыялісты лічаць не зусім прэстыжна працаваць. У любой краіне свету лічыцца быць кардыя- або нейрахірургам больш прэстыжна, чым працаваць на ўчастку. Хоць, не прымяншаючы ролю высокіх спецыялістаў, скажу, што работа ўрачом агульнай практыкі з'яўляецца квінтэсенцыяй усёй медыцыны ў адным спецыялісце і яго прафесійнага росту ў тым ліку. Вядома, праблема застаецца, таму мы разглядаем магчымасці пашырэння мэтавага набору", - сказаў ён.

Закрануў міністр аховы здароўя і пытанні павышэння заработнай платы работнікаў сферы. З так званымі кавіднымі надбаўкамі зарплаты сталі значна вышэйшыя. "І цяпер Прэзідэнтам пастаўлена задача, каб мы выйшлі з COVID-19 з захаваннем узроўню зарплаты. Аб'ём фінансавых рэсурсаў у сістэме дзяржаўнай аховы здароўя павінен быць такім жа, як цяпер выходзіць з надбаўкамі. І дасягнуць гэтай кропкі павінны дастаткова хутка", - адзначыў ён.

Дзмітрый Піневіч таксама спыніўся на пяці асноўных кампанентах, неабходных для камфортнай работы медыцынскіх работнікаў. Гэта дастойны ўзровень зарплаты, абавязковыя ўмовы для прафесійнага росту, сацыяльны пакет, абарона права на прафесійную рызыку і тэма камунікацый. Міністр растлумачыў, што вырашаецца пытанне з арэндным жыллём для медыкаў, мадэрнізуецца аснашчэнне ва ўстановах сферы, ствараецца вертыкаль абароны медыцынскага персаналу пры магчымых прафесійных рызыках. "Пытанні камунікацый старыя як свет, але застаюцца вельмі важнымі. Кожны спецыяліст з любым стажам работы павінен ведаць, што яго меркаванне будзе пачута і ўлічана ў праграме развіцця ад установы або рэгіёна да сістэмы аховы здароўя ў цэлым. І гэта пяць прамянёў адной зоркі, якія будуць садзейнічаць развіццю сферы. Важна, каб персанал мог развівацца ў сістэме і на кожным працоўным месцы ў поўнай меры", - рэзюмаваў Дзмітрый Піневіч.

Амаль 580 выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта атрымалі размеркаванне на першае месца працы. Усяго ва ўстановы аховы здароўя Беларусі ў гэтым годзе прыбудуць 2,6 тыс. маладых спецыялістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі