12 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Палескім дзяржаўным універсітэце пачалі рэалізацыю міжнароднага праекта па экалагічнай бяспецы "Сінэргія адукацыйных, навуковых, кіраўніцкіх і прамысловых кампанентаў для кіравання кліматам і прадухілення змянення клімату", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дэкан інжынернага факультэта ПалесДУ Уладзімір Штэпа.
У праекце, які стаў адным з пераможцаў конкурсу праграмы Еўрапейскага саюза Erasmus+, удзельнічаюць 12 універсітэтаў з сямі краін. Яго рэалізацыя дасць магчымасць інтэграваць у навучальны працэс ВНУ лепшыя сусветныя практыкі, а студэнтам - авалодаць актуальнымі ведамі ў інжынірынгавай сферы кліматычнага менеджменту.
"Перш за ўсё, гэта датычыцца такіх спецыяльнасцей інжынернага факультэта, як "прамысловае рыбаводства", "садова-паркавае будаўніцтва", "інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі". На працягу 2021-2023 гадоў для студэнтаў будуць арганізаваны стажыроўкі ва ўніверсітэтах-партнёрах у Італіі, Германіі, Украіне, Грузіі, Літве, Латвіі. Іх навучаць рэалізацыі еўрапейскіх механізмаў студэнцкіх бізнес-праектаў і кліматычных стартапаў як асноўных складнікаў сучаснай інавацыйнай адукацыі", - адзначыў дэкан.
Прэтэндэнты на міжнароднае навучанне будуць адбірацца на аснове конкурсу. Сярод крытэрыяў - паспяховасць студэнта, абгрунтаванае матывацыйнае пісьмо, аўтарскі план даследавання.
Таксама на базе навукова-тэхналагічнага парка ТАА "Тэхнапарк "Палессе" абсталююць сертыфікаваны цэнтр кіравання кліматам. Ён будзе цесна супрацоўнічаць з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мясцовымі органамі ўлады, экалагічнымі арганізацыямі, прадпрыемствамі - крыніцамі выкідаў парніковых газаў.
Такім чынам, для студэнтаў ПалесДУ адкрыецца магчымасць павысіць якасць сваёй адукацыі і яе каштоўнасць на рынку працы, набываючы не толькі сучасныя веды ў галіне інжынірынгу і кліматычнага менеджменту, але і навыкі стварэння і развіцця праектаў на базе лепшых еўрапейскіх практык.-0-
