Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 ліпеня 2024, 14:05

Сцяг Беларусі ўзняты перад будынкам Сакратарыята ШАС у Пекіне

Скрыншот відэа ТАСС
Скрыншот відэа ТАСС
6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сцяг Рэспублікі Беларусь узняты перад будынкам Сакратарыята Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Пекіне, паведамляе БЕЛТА.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі генеральны сакратар ШАС, намеснік міністра замежных спраў Кітая, прадстаўнікі дыпламатычных місій краін - членаў ШАС, наглядальнікаў і партнёраў па дыялогу. Беларускую дэлегацыю, у якую таксама ўвайшоў пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў, узначаліў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

"Калі ўздымаецца сцяг маёй Радзімы, я заўсёды адчуваю гонар. Сёння ён асабліва моцны… Упэўнены, што сцяг будзе горда развявацца тут доўгія гады. Паколькі ШАС - гэта арганізацыя, накіраваная ў будучыню", - цытуе словы Максіма Рыжанкова прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

У сваім выступленні міністр замежных спраў Беларусі падкрэсліў, што ШАС стала ўнікальным шматбаковым механізмам, уплывовым іграком у сістэме міжнародных адносін. "І сёння тут б'ецца сэрца Еўразіі. Дзяржавы - члены ШАС даюць народам і краінам магчымасць адчуць, што ў свеце ёсць цэнтры сілы, дзе чуюць голас усіх без выключэння", - сказаў ён.

Макім Рыжанкоў адзначыў, што "ШАС для Беларусі - гэта стратэгічная перспектыва". У арганізацыі Беларусі асабліва важны сферы сапраўднай непадзельнай бяспекі, новай эканомікі, а таксама ўнікальныя магчымасці ўзаемаўзбагачэння культур і збліжэння народаў.

Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі адбылася сустрэча міністра з генеральным сакратаром ШАС Чжан Мінам. Бакі абмеркавалі пытанні пачатку работы Беларусі ў якасці паўнапраўнага члена арганізацыі, абазначаны прыярытэты нашай краіны.

Пацверджана пазіцыя Беларусі актыўна пашыраць на аснове кансэнсусу новыя ініцыятывы, важныя не толькі для краін-удзельніц, але і для ўсёй сусветнай супольнасці. Беларусь мае намер паслядоўна дабівацца рэалізацыі мэт і задач у рамках прыярытэтаў, абазначаных Прэзідэнтам на Астанінскім саміце ШАС.

Чжан Мін падкрэсліў першапачатковае поўнае адзінства краін ШАС у пытанні прыёму Беларусі ў сваю сям'ю і выказаў упэўненасць, што членства нашай краіны дасць арганізацыі новую энергію. Станоўча адзначана старшынства Казахстана, які праявіў высокую актыўнасць па ўмацаванні ролі ШАС на міжнароднай арэне.

Максім Рыжанкоў выказаў упэўненасць, што цяперашні старшыня - Кітайская Народная Рэспубліка - не толькі не зменшыць тэмпы, але і надасць імпульс развіццю арганізацыі. Ён нагадаў, што адна з першых беларускіх ініцыятыў - гэта правядзенне Дня нацыянальных культур краін - удзельніц ШАС на пляцоўцы фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". У сувязі з гэтым пацверджана запрашэнне ў адрас генеральнага сакратара наведаць гэта мерапрыемства, якое было з удзячнасцю прынята Чжан Мінам.

Дні нацыянальных культур таксама ўпершыню будуць асвятляць журналісты краін ШАС, якія спецыяльна прыбылі ў прэс-тур па Беларусі.

Кіраўнік МЗС наведвае КНР з афіцыйным візітам з 6 па 9 ліпеня па запрашэнні міністра замежных спраў Кітая Ван І.

Раней, будучы ў сталіцы Казахстана Астане, дзе прайшоў саміт ШАС на ўзроўні лідараў краін, Максім Рыжанкоў падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі праграмы свайго візіту ў Кітай.

Наперадзе пратакольныя, але вельмі важныя афіцыйныя мерапрыемствы, звязаныя з урачыстым падняццем Дзяржаўнага сцяга Беларусі ў штаб-кватэры ШАС у Пекіне - на саміце ў Астане наша краіна стала паўнапраўным членам гэтай арганізацыі. "Гэта робіцца ў прысутнасці дыпламатычнага корпуса з адпаведным пратакольным антуражам", - растлумачыў Максім Рыжанкоў.

Акрамя таго, прадугледжаны шэраг сустрэч непасрэдна з кітайскімі прадстаўнікамі. Ключавая сустрэча чакаецца з міністрам замежных спраў КНР. "Мы хочам узняць усе пытанні бягучага стану спраў паміж Беларуссю і Кітаем. Палітыка-дыпламатычнага, эканамічнага характару", - сказаў міністр.

Паводле яго слоў, чакаецца таксама сустрэча з кіраўніцтвам Агенцтва па развіцці, якое займаецца рэалізацыяй праектаў за мяжой. Будуць падрабязна абмяркоўвацца такія вялікія сумесныя праекты, як індустрыяльны парк "Вялікі камень", развіццё Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і іншыя. "Таксама трэба замацаваць дамоўленасці, якія сёння дасягнулі прэзідэнты, аб выдзяленні Кітайскай Народнай Рэспублікай гранта - каля 100 млн юаняў для рэалізацыі сацыяльных праектаў на тэрыторыі Беларусі", - заявіў Максім Рыжанкоў.

Чакаюцца і сустрэчы міністра ў міжнародным аддзеле ЦК Кампартыі Кітая. "У нас вельмі добрыя кантакты былі ў Адміністрацыі (размова аб папярэднім месцы работы Максіма Рыжанкова ў кіраўніцтве Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА). Але я прыеду ўжо ў іншым статусе. Гэта вельмі важная тэма для развіцця палітыка-дыпламатычнага дыялогу з КНР", - адзначыў ён.

Максім Рыжанкоў таксама плануе наведаць у Кітаі шэраг прадпрыемстваў і арганізацый.

Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін у Астане на палях саміту ШАС правялі перагаворы.

"Мы абавязкова будзем садзейнічаць далейшаму стабільнаму развіццю нашых адносін", - заявіў Сі Цзіньпін. Пры гэтым, дадаў кітайскі лідар, бакі маюць намер рухацца ў гэтым напрамку сямімільнымі крокамі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу выказаў падзяку Старшыні КНР і міністру замежных спраў Кітая за каласальную падтрымку Беларусі на шляху да членства ў ШАС.

"Я вельмі рады, што вы становіцеся старшынёй (у 2025 годзе Кітай будзе старшынстваваць у ШАС. - Заўвага БЕЛТА), гэта значыць, што ў мяне будзе лішняя магчымасць у будучым годзе наведаць Кітайскую Народную Рэспубліку. Я выпісаў вашы ініцыятывы, якія вы пашыраеце ў ШАС (глабальная бяспека, глабальнае развіццё, глабальная цывілізацыя, глабальнае кіраванне штучным інтэлектам - вы ўжо заўважылі і станоўчае, і адмоўнае ў штучным інтэлекце), - мы ўсякім чынам падтрымліваем усе вашы ініцыятывы. Асабліва галоўную ініцыятыву - па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Гэта ініцыятыва сугучна з ініцыятывай Бразіліі", - адзначыў Прэзідэнт.

Правёўшы асноўную двухбаковую сустрэчу з удзелам дэлегацый, лідары Беларусі і Кітая вярнуліся на саміт у фармаце "ШАС плюс", а пасля зноў аднавілі перагаворы, але ўжо сам-насам. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін размаўлялі доўга, пры неабходнасці далучаючы да размовы міністра замежных спраў КНР.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі