Фота з архіва
11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рабоце сумесных следчых груп Беларусі і Расіі няма ніякіх стрымальных момантаў, паміж ведамствамі выбудаваны добрыя ўзаемаадносіны. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Журналісты пацікавіліся ў Аляксандра Бастрыкіна, як ён ацэньвае работу сумесных следчых груп Беларусі і Расіі, і ўдакладнілі, ці ёсць якія-небудзь стрымальныя моманты ў гэтай працы. "Ніякіх стрымальных момантаў няма, - запэўніў Аляксандр Бастрыкін. - Адносіны добрыя".
Ён таксама звярнуў увагу на некаторую спецыфіку следчай работы ў Беларусі і Расіі. Так, следчыя паўнамоцтвы ў Беларусі мае і Генеральная пракуратура. "Рэзанансныя, цяжкія злачынствы (напрыклад, карупцыйнай накіраванасці) можа расследаваць і Генеральная пракуратура. Таму мы ўзаемадзейнічаем і са Следчым камітэтам, і з Генеральнай пракуратурай. І Генпракуратура Беларусі - асноўны следчы орган, які расследуе факты генацыду", - падкрэсліў ён.
"Самае галоўнае (Аляксандр Рыгоравіч ацаніў) - вельмі цесныя чалавечыя, дружалюбныя ўзаемаадносіны. Мы ж Саюзная дзяржава. Гэта не фармальны падыход, калі нейкую паперку скінулі, забылі і нічога не зрабілі. Мы на самай справе ўзаемадзейнічаем па-сапраўднаму, як адзінае цэлае", - дадаў кіраўнік следства.
У той жа час, канстатаваў ён, узаемадзеяння з краінамі Захаду ў Следчага камітэта Расіі практычна няма: "З імі дрэнна (узаемадзейнічаем. - Заўвага БЕЛТА). Раней у нас было вельмі шмат пагадненняў - да 30. У тым ліку з еўрапейскімі дзяржавамі".
Тое ж самае датычыцца супрацоўніцтва Следчага камітэта Расіі з праваахоўнікамі са Злучаных Штатаў Амерыкі, дадаў Аляксандр Бастрыкін. Разам з тым ён адзначыў, што яму падабаецца пазіцыя Прэзідэнта Трампа па ўкраінскай тэме.-0-
