Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 лістапада 2022, 10:55

Стартуе новы сезон маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі"

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стартуе прыём заявак для ўдзелу ў 12-м сезоне рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнік праекта Кацярына Лакісава.

"Сёння ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску адбудзецца ўрачыстая цырымонія сімвалічнага старту новага сезона праекта "100 ідэй для Беларусі". Мы запрашаем да ўдзелу ў праекце маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, аўтарскія калектывы і маладых вучоных (дактары навук да 40 гадоў, кандыдаты навук, аспіранты, магістранты - да 35 гадоў). Традыцыйна прыём заявак ажыццяўляецца праз сайт праекта 100ideas.by, - расказала Кацярына Лакісава. - Асноўныя намінацыі гэтага сезона - "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі", "Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя)", "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія", "Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі", "Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)", "Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый", "Грамадства і сацыяльная сфера", і спецыяльная намінацыя - "Лепшая бізнес-ідэя".

Паводле яе слоў, 12-ы сезон праекта значна адрозніваецца ад папярэдніх. "Афіцыйны статус суарганізатара рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" атрымлівае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Паўнацэнны асобны конкурсны адбор пры падтрымцы Мінадукацыі апрабуюць установы вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, удзельнікам праекта прадастаўлена магчымасць дадаткова падаць заяўкі не толькі ў асноўныя намінацыі, але і па сумяшчальніцтве ў спецыяльную - "Лепшая бізнес-ідэя". Інакш кажучы, фактычна прэтэндэнты атрымліваюць двайны шанц на перамогу. Пераможцы ж праекта змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў", - адзначыла кіраўнік праекта.

Кацярына Лакісава падкрэсліла, што праект будзе рэалізаваны ў чатыры туры. Першы тур інфармацыйны, пройдзе да 30 лістапада. Правядзенне другога тура запланавана да 30 снежня. Ён уключае ў сябе збор заявак, навучальныя стартапы, раённыя і занальныя адборачныя мерапрыемствы. Трэці тур з арганізацыяй абласных, Мінскай гарадской выставак-прэзентацый, а таксама выставак НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі пройдзе да 31 снежня 2023 года. Вынікі праекта з вызначэннем пераможцаў традыцыйна падвядуць у чацвёртым туры, у лютым будучага года.

Праект "100 ідэй для Беларусі" рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і з бягучага года НАН Беларусі ў мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. "Асноўныя задачы нашага праекта - матывацыя і развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, выяўленне і ўкараненне ў рэальны сектар эканомікі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, якія ўяўляюць практычны інтарэс для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Безумоўна, арганізатары гэтага праекта імкнуцца аказаць дапамогу ў пашырэнні найбольш перспектыўных і навукова-тэхнічных распрацовак", - дапоўніла прадстаўнік ЦК БРСМ.

Упершыню праект "100 ідэй для Беларусі" стартаваў у верасні 2011 года па ініцыятыве БРСМ. За гэты час ён стаў не толькі візітнай карткай маладзёжнай арганізацыі, але і брэндам маладой незалежнай Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі