
Фота з архіва
11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталі вядомы прыкладныя тэрміны падрыхтоўкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку 2026-2030 гадоў. Аб гэтым журналістам па выніках пасяджэння Прэзідыума УНС расказаў намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер у Беларусі рэалізуецца Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады. Як заявіў Прэзідэнт Беларусі і Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка, на чарговым пасяджэнні УНС у красавіку бягучага года прэм'ер-міністр зробіць справаздачу аб праведзенай рабоце і выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама абазначыць контуры стратэгіі такой праграмы на наступную пяцігодку.
Аляксандр Косінец растлумачыў, што менавіта на маючым адбыцца другім пасяджэнні VII УНС праграму на наступную пяцігодку прымаць не плануецца. Яна будзе распрацавана і па меры гатоўнасці прадстаўлена для разгляду і зацвярджэння ўжо на трэцім пасяджэнні. Калі менавіта яно адбудзецца, будзе вырашацца асобна.
"Парадак дня зацверджаны на пасяджэнні Прэзідыума. Другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу будзе праходзіць у красавіку на працягу двух дзён. Першы дзень - гэта Пасланне Прэзідэнта Беларусі, дзе будуць акрэслены ўсе напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, міжнародная палітыка, наша геапалітычнае становішча, пытанні, звязаныя з вырашэннем існуючых праблем, поспехі, недахопы і, у канчатковым выніку, якім чынам нам развіваць дзяржаву ў бліжэйшыя гады, - сказаў ён. - У другі дзень будзе заслуханы даклад прэм'ер-міністра ў адпаведнасці з законам аб УНС аб сацыяльна-эканамічным развіцці нашай дзяржавы за 2021-2024 гады".
Паводле яго слоў, цяпер будзе фарміравацца пакет дакументаў з пытаннямі прэм'ер-міністру ад дэлегатаў УНС. "Гэтыя пытанні будуць сістэматызаваны і перададзены ва ўрад для таго, каб у канчатковым выніку на пасяджэнні УНС ад прэм'ер-міністра атрымаць адказы, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы", - дадаў Аляксандр Косінец.
Што датычыцца Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку, 2026-2030 гадоў, то яна, як растлумачыў намеснік старшыні УНС, будзе прымацца ў 2026 годзе. "У пачатку яна будзе разгледжана на Прэзідыуме УНС, а затым будзе вынесена на 3-е пасяджэнне VII УНС", - растлумачыў ён.
Акрамя таго, на пасяджэнні Прэзідыума УНС прынята арганізацыйная структура сходу. Агульная колькасць з 1189 чалавек размеркавана на 10 дэлегацый: ад заканадаўчай, судовай, выканаўчай улады і 7 дэлегацый ад рэгіёнаў. Сярэдняя колькасць кожнай прыкладна 70 чалавек. Самая масавая - ад Мінска, 192 чалавекі.
Напрыклад, згодна з законам пры фарміраванні УНС яго дэлегатамі становяцца ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі. Адпаведна, яны ўключаны ў асобную дэлегацыю. Тое ж самае датычыцца дэлегацыі выканаўчых органаў улады, куды ўваходзяць члены ўрада. А прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прапанавана для зручнасці работы размеркаваць у дэлегацыі па тэрытарыяльным прынцыпе. Гэта значыць, дэлегацыя Гродзенскай вобласці сфарміравана з прадстаўнікоў выканаўчых органаў улады, з дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама дэлегатаў УНС, выбраных ад грамадзянскай супольнасці.
"Такім чынам аформлена сістэма арганізацыі кіравання: Прэзідэнт, Старшыня УНС, яго намеснік, Прэзідыум, сакратарыят - гэта адна ступень іерархіі. Другая ступень іерархіі, якая ўзначальваецца (кіраўнікамі. - Заўвага БЕЛТА) дэлегацый, - кіраўнікі парламента, судовай улады, прэм'ер-міністр, старшыні аблвыканкамаў. Такім чынам, арганізацыйная структура аформлена і пачынае сваю дзейнасць, - адзначыў намеснік Старшыні УНС. - Яна валодае вельмі высокай аператыўнасцю, даволі высокай ступенню кантролю, эфектыўнасцю, дысцыплінай". Ён таксама праінфармаваў, што па выніках мерапрыемства Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена задача членам Прэзідыума УНС пабываць у рэгіёнах і правесці сустрэчы з дэлегацыямі.
У прадаўжэнне размовы аб арганізацыйнай структуры УНС начальнік сакратарыята УНС Валерый Міцкевіч растлумачыў журналістам, што гэта тэматыка абмяркоўвалася як на папярэднім пасяджэнні Прэзідыума УНС, так і цяпер. Аляксандр Лукашэнка ў пачатку пасяджэння заўважыў, што гэта пытанне пакуль заставалася спрэчным. "Вы памятаеце палеміку на мінулым пасяджэнні Прэзідыума. Мной даручалася Прэзідыуму пры ўдзеле кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаткова прапрацаваць гэтыя пытанні. Спадзяюся, мы іх разгледзім і прымем рашэнне", - нагадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падкрэсліў, што праблематыка сур'ёзная, а таму пры прыняцці рашэнняў нельга памыліцца: УНС павінна займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржорганаў.
Як расказаў па выніках Валерый Міцкевіч, адна з прапаноў датычылася стварэння ва УНС пастаянных камісій па напрамках дзейнасці і яна была ўключана ў парадак дня цяперашняга пасяджэння Прэзідыума УНС. "Якраз спрэчка вакол гэтага круцілася. Таму што гэта новы канстытуцыйны орган (гаворка пра УНС у яго новым канстытуцыйным статусе. - Заўвага БЕЛТА), і тут важна, каб ён не перашкаджаў ужо створаным структурам працаваць, каб не было перасячэння кампетэнцый. Такія апасенні выказваліся, і, адпаведна, вельмі асцярожна члены Прэзідыума выказвалі сваё меркаванне і галасавалі, - праінфармаваў ён. - Разгарнулася дыскусія, былі довады за і супраць. У выніку рашэнне аб стварэнні пастаянных камісій не прынята".
Аднак гэта не азначае, што ў тым ці іншым выглядзе нейкія падобныя структурныя адзінкі не з'явяцца ў будучым. Паводле слоў начальніка сакратарыята, у працэсе падрыхтоўкі да разгляду праграмы пяцігодкі, магчыма, будуць стварацца якія-небудзь структуры (часовыя або пастаянныя), каб забяспечыць дэлегатам УНС магчымасць своечасова знаёміцца з дакументамі і ў далейшым кампетэнтна прымаць рашэнні па іх, галасаваць.-0-