Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 сакавіка 2023, 15:21

Сталі вядомы пераможцы конкурсу малюнкаў "Хатынь вачамі дзяцей"

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталі вядомы імёны пераможцаў патрыятычнага конкурсу малюнкаў "Хатынь вачамі дзяцей", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

"Журы падвяло вынікі конкурсу дзіцячага і маладзёжнага малюнка, прысвечанага 80-годдзю Хатынскай трагедыі. У патрыятычным праекце прынялі ўдзел 1517 мастакоў-пачаткоўцаў. Яны прадставілі на конкурс тэматычныя малюнкі фармату А3, выкананыя ў розных тэхніках. У ходзе ўдзелу ў праекце дзеці і моладзь вывучылі трагічную гісторыю беларускай вёскі, яе жыхароў - дзяцей, жанчын, старых, - спаленых жывымі, гісторыю стварэння і рэканструкцый мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Юнакі і дзяўчаты адлюстравалі ў сваіх творчых работах важнасць захавання гістарычнай памяці. Кожная творчая работа заслугоўвае ўвагі. Кожная работа суправаджаецца анатацыяй. Шэраг малюнкаў маюць назвы", - расказала Вераніка Гудкова.

Па выніках конкурсу вызначаны пераможцы ў трох узроставых катэгорыях. "Самыя малодшыя ўдзельнікі праекта - юныя мастакі ва ўзросце ад 7 да 11 гадоў. Пераможцам конкурсу "Хатынь вачамі дзяцей" у гэтай катэгорыі стала сямігадовая Дзіяна Кавалёнак, вучаніца сярэдняй школы нумар 14 горада Полацка. Другое месца заняў васьмігадовы Аляксей Кавалевіч - вучань сярэдняй школы нумар 11 імя генерала арміі А.І.Антонава горада Гродна. Трэцяе - Марыя Бераза (10 гадоў), выхаванка Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў.

Пераможцам конкурсу ў другой узроставай катэгорыі з 12 да 15 гадоў з работай "Боль" стала Марыя Вараб'ёва (15 гадоў), выхаванка Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Другое месца заняў вучань сярэдняй школы нумар 56 горада Мінска Станіслаў Кічук (13 гадоў), які прадставіў на конкурс малюнак "Дзядуля, мы ж жывыя?" Трэцяе месца - у 12-гадовага Аляксандра Старажэнкі з Гомельскай вобласці, вучня гімназіі г.Жыткавічы імя А.А.Ліхоты.

Пераможцамі ў маладзёжнай катэгорыі (16-18 гадоў) сталі: Паліна Асмалоўская, навучэнка сярэдняй школы нумар 2 г.п. Хоцімск (першае месца), Лізавета Жур (16 гадоў), навучэнка сталічнай сярэдняй школы нумар 128 (другое месца), Кацярына Буганова (16 гадоў), навучэнка Бараўлянскай сярэдняй школы нумар 2.

Сакратар ЦК БРСМ нагадала, што лепшыя тэматычныя работы ўдзельнікаў конкурсу прадстаўлены на рэспубліканскай выставе ў Мінску ў ГЦ "Сталіца", дзе 20 сакавіка ў 13.30 адбудзецца цырымонія ўшаноўвання пераможцаў гэтага патрыятычнага праекта і валанцёраў Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў ДМК "Хатынь".

Конкурс малюнкаў "Хатынь вачамі дзяцей" стартаваў па ініцыятыве БРСМ у пачатку сакавіка і ўключаў тры туры - раённы, абласны, рэспубліканскі. Кожная аўтарская работа суправаджаецца інфармацыяй аб тым, што натхніла аўтара на яе стварэнне.

Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь", створаны ў 1969 годзе на 54-м кіламетры магістралі Мінск - Віцебск на месцы спаленай нацыстамі вёскі Хатынь, уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі