Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 чэрвеня 2020, 17:05

Сродкі Сусветнага банка пойдуць на закупку сродкаў аховы і аснашчэнне рэанімацый - Міністэрства аховы здароўя

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сродкі Сусветнага банка пойдуць на закупку сродкаў аховы і аснашчэнне для рэанімацый, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя па выніках падпісання адпаведных дакументаў, якое ўпершыню ў гісторыі міністэрства адбылося анлайн.

Як адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, "гэта вопыт вельмі аператыўнай і прафесійнай падрыхтоўкі праекта без магчымасці непасрэдных сустрэч". Не толькі падпісанне, але і ўсё ўзаемадзеянне спецыялістаў па гэтым праекце ішло ў рэжыме анлайн, з выкарыстаннем сродкаў тэлекамунікацыі.

Падтрымка ў памеры 90 млн еўра прадастаўляецца для фінансавання праекта па рэагаванні на COVID-19 у Беларусі. "Грошы пойдуць на закупку сродкаў аховы, аснашчэнне для рэанімацый, а таксама інфармаванне насельніцтва", - адзначылі ў прэс-службе.

Праект уключае тры кампаненты. "Гэта частковая кампенсацыя тых расходаў, якія былі патрачаны на сродкі індывідуальнай аховы і тэст-сістэмы, мадэрнізацыя аперацыйна-рэанімацыйных блокаў для таго, каб яны адпавядалі ўсім сучасным патрабаванням і былі аснашчаны самым сучасным абсталяваннем", - сказаў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, частка абсталявання патрабуе замены, а праект дазваляе зрабіць гэта не часткамі, а практычна адначасова па ўсёй краіне. Дзякуючы гэтаму рэаніматолагі будуць працаваць на абсталяванні апошняга пакалення. Аперацыйна-рэанімацыйныя блокі будуць дааснашчаны дыягнастычным абсталяваннем, прызначаным для камп'ютарнай тамаграфіі, ультрагукавой дыягностыкі, наркозна-дыхальным абсталяваннем, дэфібрылятарамі, інфузаматамі. Размова ідзе пра поўнае аснашчэнне рэанімацыйных блокаў - пад ключ. Абсталяванне будзе пастаўлена ў бліжэйшы час ва ўсе гарадскія, раённыя і абласныя бальніцы, якія падавалі заяўкі на мадэрнізацыю. За час падрыхтоўкі праекта была прааналізавана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя.

"Калі ў пачатку размова ішлі пра 20 млн еўра,то, вывучыўшы нашы дакументы і абгрунтаванні, беларускі падыход быў падтрыманы Сусветным банкам і праект значна пашыраны фінансава. Пандэмія скончыцца, а людзі будуць мець патрэбу ў медыцынскай дапамозе заўсёды", - адзначыў Уладзімір Каранік.

Нягледзячы на эпідсітуацыю, прадаўжаецца стварэнне міжраённых цэнтраў або, як іх яшчэ часам называюць, апорных клінік, вядзецца дааснашчэнне іх абсталяваннем. У краіне, як плануецца, будуць адкрыты 16-18 такіх высокатэхналагічных цэнтраў. На сёння 10 з іх працуюць ужо, усе яны размешчаны за межамі Мінска і абласных гарадоў.

"Апорная клініка павінна мець ангіёграф, камп'ютарны тамограф і магнітна-рэзанансны тамограф, сучасны аперацыйна-рэанімацыйны блок з эндаскапічным абсталяваннем, якія дазваляюць выконваць лапараскапіі, а таксама валодаць сучаснымі дыягнастычнымі магчымасцямі ў выглядзе ультрагукавой дыягностыкі", - сказаў Уладзімір Каранік. Гэта значыць любая апорная клініка па сваім табелі аснашчэння і кваліфікацыі спецыялістаў павінна адпавядаць гарадской або абласной бальніцы. "Гэта трэба для таго, каб кожны жыхар краіны, незалежна ад месца пражывання, знаходзіўся на адлегласці гадзіны ад любых сучасных дыягнастычных і лячэбных устаноў. І не важна, пражывае грамадзянін у Мінску або вёсцы, правіла "залатой гадзіны" павінна працаваць", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі