Сцяг Чацвер, 28 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 мая 2024, 09:11

Споўнілася 10 гадоў з моманту падпісання Дагавора аб стварэнні ЕАЭС

 

Фота з архіва
Фота з архіва
29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 10 гадоў з моманту падпісання Дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).

29 мая 2014 года ў Астане лідары Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2015 года. Гэта стала афіцыйным пачаткам еўразійскай інтэграцыі. Яго папярэднік ЕўрАзЭС (Еўразійскае эканамічнае супольніцтва) спыніў сваё існаванне, а набытыя напрацоўкі сталі асновай для фарміравання новага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы.

Дагаворы аб далучэнні Арменіі і Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюза былі падпісаны 10 кастрычніка 2014 года ў Мінску і 23 снежня таго ж года ў Маскве адпаведна.

ЕАЭС быў створаны ў мэтах усебаковай мадэрнізацыі, кааперацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік і стварэння ўмоў для стабільнага развіцця ў інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва дзяржаў-членаў.

Еўразійскі эканамічны саюз садзейнічае свабоднаму перамяшчэнню тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, а таксама правядзенню скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў галінах эканомікі.

Вышэйшым органам Саюза з'яўляецца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (ВЕЭС), у склад якога ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў - членаў ЕАЭС. Яго пасяджэнні праводзяцца не радзей як раз у год. Першае пасяджэнне з моманту пачатку работы ЕАЭС адбылося 8 мая 2015 года ў Крамлі.

Другі ўзровень міждзяржаўных інстытутаў прадстаўлены Еўразійскім міжурадавым саветам, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў дзяржаў-членаў. Ён забяспечвае рэалізацыю і кантроль за выкананнем дагавораў, прынятых у рамках ЕАЭС, дае даручэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні праводзяцца не радзей як два разы ў год. Першае пасяджэнне адбылося 6 лютага 2015 года ў Горках, у падмаскоўнай рэзідэнцыі кіраўніка расійскага ўрада.

Акрамя таго, у структуры існуе пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулюючы орган Саюза, які фарміруюць Савет Камісіі і Калегія Камісіі - Еўразійская эканамічная камісія (ЕАЭК). Яе асноўнымі задачамі з'яўляюцца забеспячэнне ўмоў функцыянавання і развіцця Саюза, а таксама распрацоўка прапаноў у сферы эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюза.

Таксама існуе Суд ЕАЭС - судовы орган Саюза, які забяспечвае прымяненне дзяржавамі-членамі і органамі Саюза Дагавора аб ЕАЭС і іншых міжнародных дагавораў у рамках Саюза.

Старшынства ў органах ЕАЭС перадаецца кожны год новай краіне ў алфавітным парадку. З 1 студзеня 2024 года яго ажыццяўляе Арменія.

За 10 гадоў існавання інтэграцыйнага аб'яднання пройдзены значны шлях. 8 мая 2024 года ў Маскве прайшло юбілейнае пасяджэнне ВЕЭС. Гэта стала нагодай для ўважлівага аналізу дасягненняў, перспектыў і праблем. На саміце было агучана, што да канца першага дзесяцігоддзя свайго існавання ЕАЭС падышоў са значнымі колькаснымі паказчыкамі, сукупны ВУП краін Саюза вырас з $1,6 трлн. до $2,5 трлн, тавараабарот з трэцімі краінамі павялічыўся на 60 працэнтаў - з $579 млрд да $923 млрд. А аб'ём узаемнага гандлю вырас амаль у два разы з $45 млрд да $89 млрд. Адзначаецца, што больш за 90 працэнтаў разлікаў праводзяцца ўжо ў нацыянальных валютах. У 2023 годзе павялічылася колькасць партнёраў Саюза: былі падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні з урадамі М'янмы і Нікарагуа, заключана поўнафарматнае гандлёвае пагадненне з Іранам. Праводзіліся перагаворы з Егіптам, ААЭ і Інданезіяй.

На пасяджэнні таксама быў прадстаўлены даклад аб ходзе рэалізацыі Стратэгіі-2025 па выніках 2023 года. Большая частка мерапрыемстваў, намечаных да рэалізацыі ў мінулым годзе, была выканана. Найбольш значныя вынікі звязаны з забеспячэннем магчымасці запуску механізма фінансавання прамысловай кааперацыі, а таксама механізма сачэння за перавозкамі з выкарыстаннем навігацыйных пломбаў, узаемным прызнаннем дакументаў аб вучоных ступенях, банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных (муніцыпальных) закупак, уніфікацыяй падыходаў краін ЕАЭС па вызначэнні і пацвярджэнні паходжання тавараў, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Саюза, фарміраваннем у ЕАЭС інстытута ўпаўнаважаных экспарцёраў, развіццём электроннага гандлю і інш.

У 2024 годзе плануецца рэалізацыя каля 60 мерапрыемстваў Стратэгіі-2025, якая была зацверджана Рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ад 11 снежня 2020 года.

У цэлым, вынікі юбілейнага саміту ў Маскве сведчаць аб імкненні краін ЕАЭС прадаўжаць работу па развіцці аб'яднання. Па выніках перагавораў лідары краін дамовіліся правесці наступнае пасяджэнне ВЕЭС у снежні 2024 года ў Санкт-Пецярбургу.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі