ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2022, 11:30

Спіс забароненых для жанчын работ удвая скарочаны

Фота з архіва
Фота з архіва

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі скарэкціравалі спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны нумар 35 ад 6 чэрвеня 2022 года, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Дакумент уносіць змяненні ў ведамасную пастанову нумар 35 ад 12 чэрвеня 2014 года. Паводле інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала, спіс скарочаны ў два разы. Цяпер у яго ўключана 88 пазіцый - гэта забароненыя для жанчын віды работ і найменні прафесій рабочых. Раней у спісе была 181 пазіцыя.

У прыватнасці, цяпер жанчынам дазволена працаваць вадзіцелем аўтамабіля на міжгародніх пасажырскіх перавозках на аўтобусах з колькасцю месцаў звыш 14 і грузавых аўтамабілях грузападымальнасцю большай за 5 т (самазвалаў 2,5 т). Жанчыны могуць працаваць на ліцейных работах (какільшчыкам-зборшчыкам, ліцейшчыкам вакуумнага, цэнтрабежна-вакуумнага і цэнтрабежнага ліцця, мадэльшчыкам па мадэлях з эпаксідных смол, набіўшчыкам блокаў), а таксама па шэрагу прафесій у вытворчасці цэлюлозы, паперы, кардону і вырабаў з іх.

Акрамя таго, пералік забароненых работ скараціўся за кошт выключэння з яго шэрага неактуальных для сучаснай вытворчасці відаў работ і прафесій.

Разам з тым жанчын не могуць прыцягваць да работ, звязаных з пад'ёмам і перамяшчэннем цяжкасцей уручную, у тым ліку калі перасягаюцца гранічныя нормы пад'ёму і перамяшчэння цяжкасцей; да горных і горнакапітальных работ; зварачных работ у ёмасных збудаваннях (у тым ліку рэзервуарах, падземных збудаваннях); работ па тушэнні пажараў і інш.

Мяркуецца, што скарачэнне спіса дазволіць пашырыць магчымасці жанчын у выбары прафесіі і відаў работ.

У Беларусі спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якія забараняецца прыцягваць да працы жанчын, удакладняўся ў 1994, 2000 і 2014 гадах. Гэта было звязана са змененымі ўмовамі працы па асобных відах работ, удасканаленнем тэхналагічных працэсаў, укараненнем новай тэхнікі.

Пастанова ўступае ў сілу з 24 чэрвеня 2022 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі