Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 ліпеня 2024, 14:44

Спецыяліст расказала, што можна і нельга рабіць, калі карыстаецеся бытавымі прыборамі
 

Фота з архіва
Фота з архіва
Калі ставіш сабе за мэту растлумачыць чалавеку, работа якога не звязана з электраўстаноўкамі, як арганізаваць бяспечную эксплуатацыю бытавых прыбораў і электрасетак дома, то сутыкаешся з мноствам "нельга" і "забараняецца".

Давайце раскладзём па палічках асноўныя прынцыпы.

1. У побыце, прамысловасці і сельскай гаспадарцы найбольш распаўсюджаны электрасеткі з напружаннем 220-380 вольт. Яно эканамічна абгрунтавана, але вельмі небяспечна для чалавека. Найбольшая колькасць смяротных няшчасных выпадкаў адбываецца з людзьмі, якія трапілі пад такое напружанне.

2. Не трэба дакранацца да проваду, які знаходзіцца пад напружаннем, або корпуса прыбора. Калі папярэджваюць, што нельга лавіць рыбу пад паветранай лініяй электраперадачы, то гэта не ад жадання сагнаць вас з месца клёву.

На жаль, шмат рыбакоў пацярпелі ўжо ад дакранання вудзільна да проваду.

3. Інструкцыі па бытавых электрапрыборах трэба чытаць! Калі напісана, што таршэр павінен быць у пакоі, не трэба несці яго ў сад або ў падвал. Ён не разлічаны для работы ва ўмовах павышанай вільготнасці. Заўвага, што дрыль можна пераносіць з аднаго рабочага месца на другое толькі пасля адключэння з разеткі, амаль напэўна азначае: ужо нехта пацярпеў, спрабуючы сэканоміць некалькі секунд.

У інструкцыі да пральнай машыны або электрапліты пры падключэнні рэкамендуюць звярнуцца да спецыяліста не для таго, каб зменшыць ваш сямейны бюджэт. Проста любая памылка ў гэтым працэсе можа прывеці да няшчаснага выпадку або пашкоджання прыбора. Сваё жаданне ўстанавіць дадатковую разетку, лямпачку, кандыцыянер, пральную машыну лепш рэалізоўваць з дапамогай вопытнага электрыка.

4. Калі вы бачыце чалавека, які трапіў пад дзеянне электрычнага току, памятайце: набліжацца можна толькі пасля адключэння пашкоджанага проваду або прыбора. У крайнім выпадку знайдзіце прадметы, якія не праводзяць ток, і з іх дапамогай адцягніце чалавека ад небяспечнага месца. Калі не выканаць гэтыя ўмовы, пацярпець можаце абое. Абавязкова пасля здарэння выклічце хуткую дапамогу або дастаўце пацярпелага ў бальніцу.

5. У электраўстаноўках і з электрапрыборамі можна рабіць тое, што дазволена. Усё астатняе забаронена.

Наталля ГАРБАЧЭЎСКАЯ, інспектар энергагазінспекцыі,
газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі