Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 снежня 2022, 12:32

Спецыяліст НАН расказаў, якія эксперыменты правядзе ў час палёту беларускі касманаўт

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі касманаўт у маючым адбыцца палёце будзе праводзіць серыю навуковых эксперыментаў, якія рыхтуюцца ў кааперацыі з "Раскосмасам" і Інстытутам медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук. Аб гэтым расказаў дырэктар прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Залатой у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА.

Паводле слоў спецыяліста, даследаванні "будуць накіраваны на тое, каб праверыць тэхналогіі, якія цікавыя беларускім вучоным".

"Падняць любы кілаграм грузу ў космас каштуе каля $20 тыс. Акрамя таго, ён павінен быць сертыфікаваны, правераны на розных параметрах: экалагічнасць, таксічнасць, выбухованебяспечнасць і гэтак далей. На гэта ідзе шмат часу. Цяпер праграма навуковага палёту фарміруецца ў адпаведнасці з "Раскосмасам", яна павінна быць сінхранізавана з эксперыментамі, якія Расія запланавала раней", - дадаў дырэктар прадпрыемства.

Сяргей Залатой адзначыў, што вельмі многія навуковыя ідэі праверыць на Зямлі нельга, гэта трэба рабіць за яе межамі. "Цяпер чалавецтва стаіць перад чарговым выклікам - міжпланетныя падарожжы, падарожжы на Месяц, працяглыя палёты. Вельмі злабадзённай з'яўляецца сістэма жыццезабеспячэння для такіх пералётаў. Патрэбны адпаведныя тэхналогіі. Напрыклад, вырошчвання раслін, якія могуць быць выкарыстаны, рэгенерацыі кіслароду. Ёсць шэраг тэхналагічных момантаў, звязаных з радыяцыйнай аховай жывых (істот. - Заўвага БЕЛТА) і электронікі. На Зямлі паставіць такія эксперыменты немагчыма. Натуральная абарона Зямлі не дазваляе правесці чысты эксперымент", - растлумачыў спецыяліст.

Яшчэ адзін аспект, які важна дэталёва праверыць, - як чалавечы арганізм паводзіць сябе ў касмічнай прасторы.

Даныя, атрыманыя беларускім касманаўтам у час маючага адбыцца палёту, айчынныя вучоныя будуць апрацоўваць яшчэ не адзін год, упэўнены спецыяліст. "Палёт плануецца не вельмі працяглы. Але за гэты час касманаўт зможа набраць столькі фактычнага матэрыялу, які потым доўгі час трэба будзе апрацоўваць. Безумоўна, гэта прынясе карысць нашай прамысловасці і навуцы", - падкрэсліў Сяргей Залатой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі