Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 снежня 2022, 17:49

Снегапад, моцны вецер і да 11 градусаў марозу. Якім будзе надвор'е з 9 па 14 снежня

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моцны вецер, снегапад і да мінус 11 градусаў прагназуюцца ў Беларусі з 9 па 14 снежня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Перыяд антыцыкланальнага і халоднага надвор'я падышоў да завяршэння. Панаванне халоднага сібірскага антыцыклону ўжо мінула, а надвор'ем у Беларусі сталі кіраваць цыклоны і атмасферныя франты, якія стараюцца павялічыць вышыню снежных гурбаў. Так, паводле апошніх даных, на раніцу 8 снежня вышыня снежнага покрыва па краіне вагаецца ад 1 да 27 см. Акрамя ападкаў у сваёй цыркуляцыі цыкланічны віхар нясе і порцыі больш цёплага паветра, таму тэмпературны фон паступова будзе набліжацца да кліматычнай нормы, а месцамі нават будзе вышэйшы за сярэднія шматгадовыя значэнні на некалькі градусаў. Уплыў франтальных раздзелаў захаваецца і ў бліжэйшыя дні", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 9 снежня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе снег, мокры снег, уначы месцамі слабая мяцеліца. У асобных раёнах слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 1-7 градусаў, удзень - ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.

У суботу, 10 снежня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым усходзе з дажджом), удзень па ўсходзе месцамі моцныя ападкі. У асобных раёнах туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 0 да мінус 7 градусаў, а на поўначы пры праясненнях - да 8-11 градусаў марозу. Удзень чакаецца ад мінус 5 градусаў па паўночным захадзе да плюс 3 градусаў па паўднёвым усходзе краіны.

"У начны час нядзелі тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца ў полі паніжанага атмасфернага ціску, таму кароткачасовы снег будзе адзначацца лакальна па краіне. А вось у ранішні і дзённы час пачне адчувацца ўплыў паўночнай перыферыі паўднёвага цыклону, які ідзе з Балканскага паўвострава на цэнтральныя раёны Украіны. Пад яго уплывам у краіне чакаюцца складаныя ўмовы надвор'я", - адзначылі ў Белгідрамеце.

Паводле слоў сіноптыкаў, 11 снежня на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (снег, мокры снег, пераважна па паўднёва-ўсходняй палове з дажджом), месцамі чакаецца моцны снег, мокры снег, наліпанне мокрага снегу, мяцеліца і ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 7 градусаў, а па паўночным захадзе - да мінус 9 градусаў. Тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца ад 5 градусаў марозу на паўночным захадзе да 5 градусаў цяпла на паўднёвым усходзе краіны.

У панядзелак, 12 снежня, тэрыторыя нашай краіны ўсё яшчэ будзе знаходзіцца ў арбіце ўплыву цыклону, які прадоўжыць перамяшчацца з Украіны на тэрыторыю Беларусі. У краіне захаваюцца складаныя ўмовы надвор'я: у многіх раёнах будуць адзначацца ападкі (снег, мокры снег, дождж). Месцамі моцны снег, мокры снег, наліпанне мокрага снегу, мяцеліца і ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Пры гэтым тэмпературны фон будзе даволі кантрасны: у начны час тэмпература паветра складзе ад нуля да мінус 6 градусаў, а ўдзень будзе знаходзіцца ў межах мінус 4 - плюс 3 градусы. Па паўднёвым усходзе краіны ўначы прагназуецца 1-4 градусы цяпла, а ў сярэдзіне дня - 4-8 градусаў вышэй за нуль.

Паводле папярэдняга прагнозу, у аўторак, 13 снежня, цыклон, запаўняючыся, пойдзе на краіны Балтыі, а Беларусь будзе знаходзіцца ў яго халоднай тылавой частцы. Уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдзе снег. Па ўсходзе чакаюцца ападкі (мокры снег, дождж), галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы будзе 0 - мінус 7 градусаў, а ўдзень - ад нуля да 5 градусаў марозу. Па паўднёвым усходзе на працягу сутак чакаецца 1-3 градусы цяпла.

У сераду, 14 снежня, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 1 да мінус 8 градусаў. Уначы пры праясненнях будзе да 11 градусаў марозу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі