Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2020, 19:12

СМІ павінны павышаць у грамадстве прэстыж сямейных каштоўнасцей - Арцёменка

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СМІ павінны павышаць у грамадстве прэстыж сямейных каштоўнасцей, паведаміла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка на круглым стале "Моцная сям'я - моцная дзяржава", які прайшоў у храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тая сістэма, якая выбудавана ў інтарэсах сем'яў з дзецьмі, - нацыянальны здабытак дзяржавы. Але мы разумеем, што ніякія сацыяльна-эканамічныя меры не дадуць эфекту, калі не будзем думаць пра ўмацаванне інстытута сям'і, калі ў грамадстве не будзе змяняцца стаўленне да сям'і, сямейных каштоўнасцей. Вядома, тут асаблівую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі", - сказала Марына Арцёменка.

У сувязі з гэтым у праграму "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" на наступны перыяд закладзена значная колькасць мерапрыемстваў па развіцці інфармацыйнай прасторы ў гэтым напрамку. Размова ідзе аб павышэнні ў грамадстве прэстыжу сямейнага ладу жыцця, сем'яў з некалькімі дзецьмі.

Разам з узмацненнем інфармацыйнага складніка акцэнт будзе зроблены на павышэнні нараджальнасці ў сем'ях другіх дзяцей. Пашыраць меры, якія падтрымліваюць сем'і эканамічна, у прыватнасці праграмы сямейнага капіталу і адраснай сацыяльнай дапамогі.

Марына Арцёменка лічыць важным павышаць прэстыж бацькоўства. Паводле яе слоў, беларускія таты становяцца ўсё больш прагрэсіўнымі ў выхаванні і развіцці дзяцей. Апошнія даследаванні Белстата паказалі, што таты нараўне з маці ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы дзяцей да школы, урокаў, правядзенні вольнага часу. "Наша задача - падтрымліваць такія настроі шляхам развіцця грамадскіх ініцыятыў, розных асветных, навучальных праграм для татаў", - сказала яна.

Начальнік упраўлення заўважыла, што аб развіцці краіны мяркуюць па становішчы сям'і і адносінах да яе дзяржавы. У Беларусі сёння ў адрозненне ад многіх іншых краін увесь перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў аплачваецца. На заканадаўчым узроўні прадастаўлена права самой сям'і вызначаць, хто будзе знаходзіцца ў такім адпачынку. Гэтым правам можа скарыстацца не толькі маці, але і бацька, бабуля, дзядуля. Больш таго, заахвочваецца роўнасць бацькоў у выхаванні дзяцей. Прычым на тату, калі ён знаходзіцца ў водпуску, распаўсюджваюцца тыя ж гарантыі і льготы, што і на маці.

Дзейнічае шэраг гарантый. Так, калі ў перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці заканчваецца кантракт, то на бацьку і маці распаўсюджваецца гарантыя, у адпаведнасці з якой гэты кантракт можа прадаўжацца да дасягнення дзіцем пяці гадоў.

Сістэма дзяржаўных дапамог уключае 11 выплат, і іх памер істотны. Напрыклад, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае Br2561 (10 БПМ), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - Br3585,4 (14 БПМ). "Калі падсумаваць усе дапамогі, якія атрымлівае сям'я пры нараджэнні дзіцяці і ў перыяд догляду яго, то за першыя 12 месяцаў выходзіць, што сям'я штомесяц атрымлівае Br660 пры выхаванні аднаго дзіцяці, амаль Br940 - дваіх і больш дзяцей", - дадала Марына Арцёменка.

Што датычыцца тэндэнцый, то павялічваецца ўзрост уступлення ў шлюб. За апошнія 10 гадоў для мужчын ён павялічыўся на 1,8 года, для жанчын - на 1,7 года. Мацярынства таксама сталее: сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў краіне набліжаецца да 30 гадоў.

Як паказалі вынікі перапісу насельніцтва, захоўваюцца традыцыйныя нормы шлюбна-сямейных паводзін насельніцтва, гэта значыць большасць грамадзян заключаюць шлюбы (49 працэнтаў жанчын і 58 працэнтаў мужчын). Разам з тым узровень шлюбнасці зніжаецца, і за апошнія 10 гадоў яго скарачэнне склала 18,5 працэнта.

Высокім застаецца ўзровень разводаў. Калі правесці паралель з заключанымі шлюбамі, то фактычна кожны другі шлюб распадаецца. Найбольшая колькасць разводаў прыпадае на сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5-9 гадоў, гэта амаль 30 працэнтаў ад агульнай колькасці разводаў. Сярод скасаваных шлюбаў найбольшая ўдзельная вага - 42 працэны - прыпадае на ўзрост 30-39 гадоў, а гэта актыўны рэпрадуктыўны перыяд.

У якасці станоўчай тэндэнцыі Марына Арцёменка, у прыватнасці, адзначыла зніжэнне колькасці дзяцей, народжаных у незарэгістраваных шлюбах. Калі 10 гадоў таму гэта лічба складала 20 працэнтаў ад агульнай колькасці народжаных дзяцей, то сёння 11 працэнтаў.

Цыкл круглых сталоў "Моцная сям'я - моцная дзяржава" ініцыявала грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі