Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 верасня 2019, 19:17

Слухачы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце змогуць праходзіць стажыроўку ў дзяржорганах

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Слухачы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі змогуць праходзіць стажыроўку ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Аб гэтым журналістам паведаміў рэктар ВНУ Генадзь Пальчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Указам аб дзейнасці Акадэміі кіравання прадугледжаны шэраг абноўленых падыходаў да падрыхтоўкі кадраў. У іх ліку - стажыроўкі кіруючых работнікаў, якія праходзяць у ВНУ перападрыхтоўку, павышаюць кваліфікацыю, у дзяржаўных органах і арганізацыях. "Па сутнасці, мы разглядаем магчымасць выхаду з класна-ўрочнай сістэмы работы з такой катэгорыяй слухачоў, іх замацавання за тым або іншым кіраўніком дзяржоргана", - сказаў Генадзь Пальчык. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб своеасаблівай рабоце дублёрам непасрэдна ў дзяржоргане, арганізацыі.

"Гэта абсалютна новы крок, і мы разглядаем яго па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі як своеасаблівы рэспубліканскі эксперымент", - падкрэсліў рэктар. Для рэалізацыі гэтай нормы спатрэбяцца дадатковыя нарматыўныя дакументы, яны будуць прыняты ў бліжэйшы час.

Згодна з указам удакладняюцца этапы фарміравання і віды адукацыйных праграм дзяржаўнага заказу на навучанне кіруючых кадраў і іх рэзерву. Цяпер слухачам прапануюцца кароткатэрміновыя тыднёвыя, а таксама паўтара- і двухгадовыя курсы перападрыхтоўкі па тэме дзяржаўнага кіравання і будаўніцтва ў эканоміцы, сацыяльнай сферы. Паводле слоў Генадзя Пальчыка, у навучанні плануецца прымяняць больш індывідуальны падыход. Акрамя таго, у Акадэміі кіравання актуалізуюць аднадзённыя тэматычныя семінары, на якія будуць прыцягваць вядучых спецыялістаў. Яны будуць дзяліцца са слухачамі інфармацыяй па канкрэтным пытанні, якое выклікае цяжкасці або патрабуе аператыўнага растлумачэння.

Генадзь Пальчык адзначыў, што прыняцце ўказа - важнейшы этап развіцця сістэмы бесперапыннай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў у сферы кіравання. Дакумент комплексна рэгулюе дзейнасць акадэміі, вядучай установы адукацыі ў Беларусі па падрыхтоўцы кіруючых кадраў. Зацверджаны новая рэдакцыя яе статута, палажэнне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, стажыроўцы і павышэнні кваліфікацыі. Гэта важныя дакументы, якія комплексна, сістэмна рэгулююць фарміраванне дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кіруючых кадраў. У прыватнасці, статут ВНУ актуалізуецца па мэтах, задачах і функцыянале. Акрамя таго, прыняцце ўказа садзейнічае сістэматызацыі работы са студэнтамі і слухачамі. У акадэміі з'яўляецца магчымасць прыцягнення да выкладання лепшых прафесараў, спецыялістаў-практыкаў. Для павышэння матывацыі студэнтаў павялічаны памер стыпендыі.

У структуру Акадэміі кіравання ўваходзяць тры інстытуты: кіраўніцкіх кадраў (ІКК), дзяржаўнай службы (ІДС) і навукова-даследчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання (НДІ ТПДК). ІКК рыхтуе студэнтаў і магістрантаў. На першай ступені вышэйшай адукацыі студэнты асвойваюць спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі". Яны не дубліруюцца з іншымі ВНУ. У 2019 годзе акадэмія набрала на бюджэт на першы курс 100 чалавек і ўвайшла ў рэйтынг універсітэтаў з самымі высокімі прахаднымі баламі. Інстытут дзяржаўнай службы вядзе падрыхтоўку ў завочнай форме на першай ступені вышэйшай адукацыі, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў і тых, хто знаходзіцца ў рэзерве кіруючых кадраў на сваіх прадпрыемствах. Такіх слухачоў на працягу года ў сценах Акадэміі кіравання навучаецца амаль 5 тыс. НДІ ТПДК займаецца навуковай, інавацыйнай, інфармацыйна-аналітычнай дзейнасцю ў сферах дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнай кадравай, ідэалагічнай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі