Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 кастрычніка 2020, 10:30

Сярэдняя беларуская сям'я траціць прыкладна 4,5 працэнта даходаў на ЖКП - Хмель

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сярэдняя беларуская сям'я траціць прыкладна 4,5 працэнта даходаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Аб гэтым расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель у інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.

"Адно з даручэнняў кіраўніка дзяржавы - каб тарыфы на ЖКП не павышаліся больш, чым на $5 за год. Недзе 4,5 працэнта ад даходаў сярэдняя беларуская сям'я плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі. Для параўнання, ва Украіне і Расіі гэта 12-15 працэнтаў, Літве - 20 працэнтаў. Сёння мы разумеем, што плацяжы за жыллёва-камунальныя паслугі даволі пад'ёмныя для беларускага насельніцтва, вялікіх праблем з іх аплатай няма. А калі сям'я малазабяспечаная, то ў нас ёсць субсідыі", - сказаў Андрэй Хмель.

Міністр падкрэсліў, што праводзіцца строгая палітыка па стрымліванні затрат у арганізацыях ЖКГ. "Мы працуем па сістэме ўстанаўлення планава-разліковых цэн на кожную ЖКП. Арганізацыі могуць закладваць туды толькі пэўныя віды затрат, там абмежавана рэнтабельнасць, агульнаграмадскія расходы. У тым ліку за кошт гэтага нам удаецца стрымліваць рост тарыфаў на ЖКП", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, на сёння насельніцтва ў поўным аб'ёме аплачвае кошт усіх жыллёва-камунальных паслуг, за выключэннем цеплазабеспячэння і падагрэву вады. Там каля 20 працэнтаў пакрывае насельніцтва і амаль 80 працэнтаў субсідзіруецца дзяржавай.

Андрэй Хмель таксама расказаў аб планах па развіцці службы 115. "Гэта вельмі добры інструмент для сувязі насельніцтва з выканаўцамі, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі. Але сёння трэба правільна наладзіць зваротную сувязь. Мы павінны адрэагаваць і даць магчымасць чалавеку самастойна закрыць заяўку. Або зваротны абзвон, або работа ў мабільных дадатках або за камп'ютарам, або падпісанне акта. Варыянты ёсць", - праінфармаваў ён.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы распрацаваны рэгламент узаемадзеяння ўсіх службаў па выкананні заявак, якія паступаюць на лінію 115. "Мы яго апрабуем на працягу некалькіх месяцаў і паглядзім на вынікі. Калі яны нас будуць задавольваць, мы будзем рухацца ў гэтым напрамку далей", - дадаў міністр.

Андрэй Хмель таксама закрануў тэму развіцця сістэмы ЖКГ у сувязі з уводам Беларускай АЭС. Паводле яго слоў, існуючы жыллёвы фонд замкнёны на дзеючых цеплавых крыніцах: або на ЦЭЦ, або на камунальных кацельнях, якія працуюць як на газе, так і на мясцовых відах паліва. "Мы бачым для сябе шэраг аб'ектаў, дзе рэканструкцыя кацельняў мэтазгодна менавіта з прымяненнем электракатлоў. Такая праграма рыхтуецца сумесна з Мінэнерга, мы будзем развіваць гэты напрамак. Таксама сёння стаяць сур'ёзныя задачы па будаўніцтве новага жылля, якое будзе ацяпляцца за кошт электраэнергіі - электракацельных або ўнутрыкватэрных прыбораў ацяплення, што працуюць на электрычнасці. За гэтым будучыня", - упэўнены ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі